Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да духавенства і вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў сувязі з выбарам новага Пантыфіка Францішка | Друк |
Іерархі
14.03.2013 00:11

Папа Францішак – новы дар Бога Сусветнаму Касцёлу

Habemus Papam — Маем Папу!

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Калі 11 лютага 2013 г. папа Бэнэдыкт XVI аб’явіў аб сваім сыходзе з пасады Наступніка святога апостала Пятра ў сувязі са станам здароўя і для дабра Касцёла, то гэтае яго рашэнне было ўспрынята як грымоты з яснага неба.

Пасля 40 дзён, 13 сакавіка, з балкона базылікі святога Пятра ў Ватыкане ўрачыста прагучалі словы: «Habemus Papam» — «Мы маем Папу», абвяшчаючы Гораду і Свету, што быў выбраны новы Пантыфік.

2. Дзесяць гадоў таму благаслаўлёны папа Ян Павел II у Рымскім трыптыху пісаў: «Ёсць у Ватыкане капліца, якая чакае плёну твайго ўяўлення! … У Сікстынскай капліцы змясціў майстар Суд. У яе сэрэдзіне Суд над усім дамінуе. … І менавіта тут, каля падножжа той цудоўнай сікстынскай паліхроміі збіраюцца кардыналы – супольнасць, адказная за спадчыну ключоў Валадарства. … Сікстынская паліхромія прамовіць тады словамі Пана: Tu es Petrus (Ты Пётр) пачуў Сымон, сын Ёны. “Табе дам ключы Валадарства”. Людзі, якім клопат пра спадчыну ключоў давераны, збіраюцца тут, дазваляюць сябе атуліць сікстынскай паліхроміяй, тым відовішчам, якое пакінуў Мікеланджэла … “Сon-clave” (Канклаў): супольны клопат пра спадчыну ключоў, ключоў ад Валадарства. … Патрэба, каб у часе канклаву Мікеланджэла ўсвядоміў людзям – Не забывайце: Omnia nuda et aperta sunt ante oculos Eius (Усё адкрытае і аголенае перад яго вачыма). Ты, які ўсё пранікаеш – укажы! Ён укажа …» (Караль Вайтыла. Паэзія. Выбранае. Ян Павел II. Рымскі трыптых. Мінск, Выдавецтва ‘Про Хрысто’ 2003, с.123. 131-133).

3. І Бог на самой справе ўказаў.

Пачынаючы ад 12 лютага з 18.30 па мінскім часе свет, затаіўшы дыханне, нецярпліва ўзіраўся ў неба над Сікстынскай капэлай, жадаючы ўбачыць, якога колеру з яе з’явіцца дым — белы ці чорны. Белы азначае што Папа выбраны, чорны — што не. Комін над Сікстынскай капэлай быў адзіным звяном, якое лучыла кардыналаў-выбаршчыкаў са знешнім светам.

Першы дзень адтуль ішоў чорны дым. Другі дзень перад абедам — ізноў чорны. Усе чакалі. І вось нарэшце 13 сакавіка у 21.06 з коміна Сікстынскай капэлы пайшоў белы дым і зазванілі званы базылікі святога Пятра. Гэта азначае, што новы Пантыфік абраны. Зазванілі таксама званы мінскай катэдры Імя Марыі, каб выразіць радасць з абрання новага Папы.

Але хто? Некаторы час гэта застаецца загадкай. Народ на плошчы святога Пятра і перад тэлевізарамі чакае. І вось на балконе базылікі святога Пятра з’яўлянецца кардынал-протадыякан Жан-Луі Таран — старшыня Папскай рады па справах міжрэлігійнага дыялогу — і ўрачыста аб’яўляе: “Annuntio vobis gaudium magnum: Habemus Papam!” – “Аб’яўляю вам вялікую радасць: мы маем Папу!”. Ім стаў аргенцінскі кардынал арцыбіскуп Буэнас-Айрэса Хорхе Марыа Берголіа, езуіт, які выбраў сабе імя Францішак. Запоўненая большасцю італьянцаў плошча святога Пятра ўзрываецца апладысментамі. Касцёл Сусветны, і таму Папа можа быць з розных кантынентаў.

Знамянальна, што новы Папа распачынае сваё служэнне ў Год веры, калі яе трэба нанова абудзіць, паказаць прыгажосць і ўмацоўваць. А менавіта Хрыстус прасіў Пятра, каб ён умацоўваў веру людзей (пар. Лк 22, 32).

4. Папа Францішак нарадзіўся ў Аргенціне ў 1936 г., атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1969 г., біскупам стаў у 1992 г., кардыналам – у 2001 г. Асабіста я меў магчымасць спаткацца з ім некалькі разоў. Адзін са святароў архідыяцэзіі Буэнас-Айрэс працаваў і далей працуе пробашчам у Ніжнім Ноўгарадзе, і адсюль маё знаёмства з новым Папам.

Папа Францішак з’яўляецца першым Папам-езуітам, першым Папам з Лацiнскай Амерыкi і першым Папам, які абраў сабе такое імя. Ён прафесар тэалогіі, чалавек малітвы і вялікай пакоры, мужны абаронца традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў і сацыяльнай справядлівасці.  

5. Асірацеўшы пасля сыходу Бэнэдыкта XVI, што сталася 28 лютага, Касцёл ізноў мае свайго бачнага кіраўніка – Пятра нашага часу, якому Хрыстус даверыў штурвал свайго касцёльнага карабля. Галава Касцёла – Езус Хрыстус – праз рашэнне кардыналаў-выбаршчыкаў указаў на таго, хто павінен стаць новым Пантыфікам. У гэты дзень Ён вуснамі канклаву паўтарыў свае словы: “пасі Маіх авечак” (пар. Ян 21, 17).

6. Папа, як біскуп Рыма, з’яўляецца Наступнікам апостала Пятра, якому Хрыстус сказаў: “Ты – Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. Я дам табе ключы Валадарства нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе” (Мц 16, 18-19).

У гэтых словах крыецца таямніца прымату Пятра, яго асаблівае пакліканне і пакліканне яго наступнікаў. І хаця Пётр ажно тры разы адрокся ад свайго Настаўніка, тым не менш Хрыстус пасля свайго Уваскрасення пацвердзіў даручанае яму служэнне. Езус ажно тры разы пытаўся Пятра, ці ён Яго любіць. Тры разы пачуўшы станоўчы адказ, Ён прызначыў Пятра бачнай галавой свайго статку (пар. Ян 21, 15-17).

Выконваючы гэту місію, Пётр першым з апосталаў прыбыў у Рым і стаў яго першым біскупам. Пасля прыйшоў час шэрагу яго наступнікаў. Новаабраны папа Францішак стаў новым Біскупам Вечнага Горада, Вікарыем Хрыста і кіраўніком Сусветнага Касцёла. У ім прабывае даверанае Хрыстом апосталу Пятру служэнне. Таму Пантыфік у Касцёле карыстаецца вышэйшай, поўнай, непасрэднай і ўніверсальнай ардынарнай уладай (пар. ККП, Кан 331).

7. Выбары новага Папы – гэта заўсёды важная падзея як у жыцці Паўсюднага Касцёла, так і мясцовага, у нашым выпадку Касцёла ў Беларусі, які прымае здзейснены выбар у духу ўдзячнасці, веры, надзеі і любові, пашаны і радасці, прымае як новы дар для Касцёла ў час, які поўны небяспечных выклікаў.

Рэакцыя свету на сыход Бэнэдыкта XVI, вельмі вялікая цікавасць да канклаву, радаснае і поўнае энтузіязму прыняцце новага Пантыфіка Францішка пацвярджае тое, што свету патрэбны Касцёл, найперш яго маральны аўтарытэт. Таму Касцёл пад кіраўніцтвам папы Францішка павінен будзе знайсці лекі ад хваробы секулярызму. А мы ўсе пад кіраўніцтвам новага Пантыфіка, адказваючы на выклікі часу, запрошаны ўчыніць усё магчымае, каб адрадзіць веру і на яе падмурку будаваць новы, справядлівы свет і імкнуцца да агульначалавечага і агульнахрысціянскага адзінства, пунктам аднясення і слугой якога з’яўляецца Наступнік апостала Пятра.

Католікі Беларусі з удзячнасцю Богу і надзеяй прынялі абранне новага Папы. Яны выказваюць яму сваю пашану і паслухмянасць, бачаць у ім Добрага Пастыра, які павядзе іх у новы час і будзе іх духоўна падтрымліваць. Мы чакаем сустрэчы з новаабраным Папам на беларускай зямлі.

8. Падчас сваёй першай прамовы Гораду і Свету адразу пасля абрання папа Францішак папрасіў маліцца ў яго інтэнцыі і сказаў, што з гэтага дня распачынаецца шлях супрацоўніцтва, братэрства і любові паміж ім і народамі.

У гэтую ўрачыстую хвіліну заклікаю ўсіх вас, святары, кансэкраваныя асобы і верны народ, сваімі малітвамі і прыкладам жыцця падтрымліваць новага Пантыфіка Францішка. Гэта наш, як веруючых, святы абавязак. Мы называем Папу Святым Айцом, гэтым самым мы падкрэсліваем сваю сыноўную адданасць яму.

Без вагання трэба сказаць, што той, хто ўзяў на сябе місію служэння Пятра ў наш час, тым самым усклаў на свае плечы цяжкі крыж. Будзем памятаць, што гэта таксама і крыж Касцёла ў Беларусі. Сваімі малітвамі, маральным жыццём, добрымі справамі і думкамі, а таксама хрысціянскім сведчаннем будзем разам з новым Папам ад першых дзён яго служэння, бо крыж, які ён узяў на свае плечы, належыць да Божага плану збаўлення свету.

Божая Маці Будслаўская, якая ўжо 400 гадоў валадарыш на нашай зямлі, ахіні сваёй апекай нашага папу Францішка, выпрасі ў свайго Сына Езуса Хрыста патрэбныя яму ласкі, каб ён умацоўваў нашу веру, вучыў будаваць жыццё на хрысціянскіх каштоўнасцях, даваў новую надзею, памнажаў любоў, бараніў правы чалавека і асабліва права на рэлігійную свабоду і на жыццё, змагаўся за сацыяльную справядлівасць, умацоўваў мір і ўзаемапаразуменне паміж народамі, развіваў міжхрысціянскі і міжрэлігійны дыялог, будаваў цывілізацыю любові, натхняў Касцёл быць больш адкрытым свету і эфектыўна адказваць на выклікі часу.

Пане Езу Хрыстэ, які паклікаў свайго слугу папу Францішка да служэння Пятра нашага часу, благаславі яго, адары патрэбнымі для выконвання яго служэння сіламі і ласкамі, будзь для яго радасцю ў цяжкасцях, учыні так, каб яго апостальская праца прынесла як мага больш плёну, дапамагай яму і сцеражы на многая і святая лета.

З благаслаўленнем

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 13 сакавіка 2013 г.

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэты Зварот вернікам 17 сакавіка 2013 г. і разам з імі памоляцца ў інтэнцыі папы Францішка.


 
© 2003-2024 Catholic.by