Біскупскі крыж Мітрапаліта Кандрусевіча супадае з крыжам, які носіць папа Францішак. Цікавым фактам беларускі іерарх падзяліўся з журналістамі падчас прэс-канферэнцыі, якая традыцыйна прайшла перад Вялікаднем ў Мітрапалітальнай курыі.
«Калі Папу першы раз паказалі па тэлебачанні, я заўважыў у яго вельмі знаёмы крыж, — узгадвае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Але тады гэты крыж я добра не разгледзеў. Ужо пасля, калі мне ў рукі трапіў афіцыйны фотаздымак Пантыфіка, я разгледзеў крыж больш дэталёва — гэта такі самы крыж, што і ў мяне. Ідэнтычны».
Іерарх узгадаў, што свой крыж ён атрымаў у падарунак ад арцыбіскупа Анджэла Садана:
«Я маю многа іншых крыжоў, але найчасцей нашу гэты. У мяне часам пытаюцца, чаго я нашу такі просты крыж? Яго мне калісьці падараваў тады яшчэ арцыбіскуп Анджэла Садана. Гэта адбылося падчас майго біскупскага пасвячэння ў 1989 годзе. Крыж вельмі просты, вельмі лёгкі і мне падабаецца. Нечакана было даведацца, што на афіцыйным фотаздымку новага Пантыфіка ў яго такі ж самы крыж».
Пектарал (назва крыжа, які біскуп носіць на грудзях) указвае на высокую годнасць і ўладу біскупа, выражаную ў служэнні біскупа. Паходзіць пектарал ад рэлікварыяў — маленькіх начынняў рознай формы з рэліквіямі мучанікаў, якія раней насіла духавенства. Гэты крыж лічыцца абаронаю ад подступаў злога духа.
Асаблівым значэннем біскупскай годнасці пектарал стаў толькі ў XIV стагоддзі. У старажытнасці яго маглі насіць як духоўныя асобы, так і свецкія.