Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на 70-годдзе трагедыі ў Хатыні: калі ў сэрцы будзе мір — вайны не будзе | Друк |
Іерархі
22.03.2013 14:42

«Трэба прыйсці ў абдымкі Божай міласэрнасці. Калі б гэта было зроблена 70 гадоў таму — хатынскай трагедыі не адбылося б», — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у размове з Сatholic.by. 22 сакавіка іерарх удзельнічаў у мітынгу-рэквіуме ў мемарыяльным комплексе «Хатынь», прысвечаным 70-годдзю трагедыі. Роўна 70 гадоў таму нацысцкія карнікі спалілі ўсіх жыхароў вёскі — у цэлым 149 чалавек.

— Што значыць для Касцёла Вялікая Айчынная вайна і яе ахвяры?

— Вайна — гэта заўсёды зло. Вялікая трагедыя — калі адзін чалавек знішчае іншага. Вайна мае на ўвазе выкарыстанне зброі; напэўна, нехта скажа, што трэба бараніцца, калі на нас нападаюць, але, вядома, у такіх ваенных дзеяннях гінуць людзі і загінула ўжо вельмі шмат — у тым ліку ў Другой сусветнай вайне. Акрамя гэтага было знішчана вельмі шмат фабрык, заводаў, прынесена незлічоная колькасць маральнага зла. Гэта і ёсць тая вялікая бяда, пра якую кажа Касцёл. Калі Святы Айцец звычайна 1 студзеня звяртаецца са сваім пасланнем на Сусветны дзень міру, то кажа, што мір — не толькі адсутнасць вайны: гэта таксама мір у сэрцы чалавека, бо калі ён ёсць — не будзе і вайны. Таму Касцёл у Беларусі разумее сэнс Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны з яе трагедыямі, з разбуранымі чалавечымі сэрцамі, лёсамі — у тым ліку людзей, якія загінулі тут, у Хатыні. Касцёл моліцца за іх і просіць Бога, каб падобнага больш ніколі не адбылося. Тут хацелася б працытаваць словы новаабранага папы Францішка, які падчас свайго першага разважання перад малітвай «Анёл Панскі» сказаў аб тым, што трэба памятаць аб Божай міласэрнасці, звяртацца да яе, бо Бог ніколі не стамляецца нам прабачаць — у адрозненне ад нас, людзей, якія кажуць, што змучыліся маліцца і прасіць Яго. Але ж справа ў тым, што мы проста не хочам і не ўмеем маліцца. У гэтай сітуацыі Бог прыходзіць да нас, працягвае руку, хоча агарнуць нас сваёй міласэрнасцю, і нам трэба толькі прыйсці ў гэтыя абдымкі Божай міласэрнасці. Калі б гэта было зроблена 70 гадоў таму — хатынскай трагедыі не адбылося б.

— Як павінен католік ставіцца да з’явы фашызму і да тых, хто знішчаў мірных людзей?

— Адна справа — сама з’ява фашызму, але іншая — чалавек. Усё хрысціянства, у тым ліку Каталіцкі Касцёл, супраць зла, злога духа, усяго, што нядобрае. Чалавек жа ведае, што існуе дабро, але часта чыніць зло. Таму чалавека трэба выхоўваць, каб ён не чыніў злога. Якая розніца паміж Юдам і Пятром? Абодва былі апосталамі, але першы здрадзіў Езусу, другі — адмовіўся ад Яго, але потым кінуўся ў абдымкі Езуса і шкадаваў за ўчыненае. У гэтым і заключаецца розніца паміж тым, як мы павінны ставіцца да зла і як — да людзей, якія яго чыняць.

Размаўляла Анастасія Грышан

 
© 2003-2025 Catholic.by