Віншаванне біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча са святам Уваскрасення Пана | Друк |
Іерархі
30.03.2013 03:30

Умілаваныя вернікі Гродзенскай дыяцэзіі, браты і сёстры ў Хрысце Пану. «Езус жыве — Ён Уваскрос!» — словамі гэтага радаснага вызнання веры першых вучняў я звяртаюся да ўсіх, хто святкуе Уваскрасенне нашага Пана Езуса Хрыста.

Як і першыя сведкі цуду ўваскрасення ў Ерузалеме, так і мы сёння жывём моцай праўды аб уваскрасенні. «Езус жыве — Ён Уваскрос!» Ужо многія стагоддзі гэтае прывітанне з’яўляецца самым радасным вызнаннем для ўсіх пакаленняў веруючых у Хрыста.

У таямніцы ўваскрасення нашага Пана ўкрыта таямніца Касцёла, які моцай уваскрослага Езуса абвяшчае Евангелле і ў сакрамэнтах удзяляе нам збаўчыя ласкі на дарозе да вечнага жыцця.

Дарагія браты і сёстры, умілаваныя дыяцэзіяне, запрашаю вас увесь час нанова адкрываць гэтае радаснае вызнанне аб уваскрасенні Езуса і нашым уваскрасенні разам з Ім. Вызнанне веры — «Езус жыве — Ён Уваскрос!» — няхай пабуджае нас да большага клопату, да пошуку Яго ў супольнасці Касцёла, на малітве, у Яго слове і святых сакрамэнтах.

Падчас Года веры, які мы цяпер перажываем, жадаю вам, браты і сёстры, глыбокай веры ў прысутнасць уваскрослага Хрыста. Кожны з нас, як першыя вучні, ідзе дарогай да распазнання ўваскрослага Езуса. Давайце разам з Апосталамі паспяшаемся да пустой магілы, каб убачыць, што ў ёй няма Езуса, каб вызнаць, што Ён уваскрос!

У пілігрымцы нашай веры па прыкладзе вучняў, якія ішлі ў Эмаус, давайце шчыра папросім Пана: «Пане, застанься з намі!» «Езус жыве — Ён Уваскрос!» — дык няхай жа Ён усім благаславіць і дазволіць убачыць сваю збаўчую моц.

Яднаюся з вамі ў радасці перажывання ўваскрасення нашага Пана Езуса Хрыста і ўдзяляю сваё пастырскае бласлаўленне.

Аляксандр Кашкевіч
біскуп Гродзенскі


Гродна, 21.03.2013 г., № 162/13

Прашу шаноўных ксяндзоў пробашчаў і адміністратараў прачытаць дадзенае віншаванне ва ўсіх касцёлах і капліцах Гродзенскай дыяцэзіі падчас кожнай святой Імшы ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана.

 
© 2003-2022 Catholic.by