Велікоднае віншаванне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці | Друк |
Іерархі
31.03.2013 00:22

Ваша Эксцэленцыя, паважаны арцыбіскуп Тадэвуш, шаноўныя святары і дыяканы, законнікі і законніцы, і ўсе вы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

У гэты святочны вечар я перадаю вам вестку, велікодныя віншаванні і благаслаўленне папы Францішка, які, як і апостал Пётр, пакліканы ўмацоўваць сваіх братоў у веры.

У гэтыя дні ён няспынна паўтарае тую самую евангельскую вестку — добрую навіну пра тое, што мы збаўленыя Божаю любоўю. Ён таксама няспынна нагадвае нам наступнае: або гэтую любоў відаць у нас праз простыя жэсты, якія перамяняюць і асвятляюць нашае жыццё, або мы з’яўляемся ежаю без солі і свечкаю без агню.

У гэтую святую ноч здзяйсняюцца таямніцы нашага збаўлення. Як мы чуем у адной з сённяшніх малітваў, вельмі старажытнай, цяпер да нас прыходзіць новы супакой. Гэта не нейкая часовая палітычная згода або гандлёвая дамова; гэта мір, які Хрыстус у гэтую ноч стварае нанава. Бог не пашкадаваў, што калісьці стварыў свет; Ён аднаўляе сваё стварэнне з такою самаю любоўю: руіны дзівосным чынам ператвараюцца ў цудоўныя палацы, усё састарэлае і аслаблае аднаўляецца, напаўняючыся марамі і спадзяваннямі, а ўсё тое, што здавалася непатрэбным і бессэнсоўным, у Хрысце зноў набывае сэнс, прыгажосць і важнасць, займаючы належнае месца ў гармоніі адзінства. Гэта вестка, што нясе радасць Касцёлу і якую Касцёл скіроўвае да ўсяго свету; нават да тых, хто да яго не належыць, бо мір і надзея прызначаны для ўсіх. Кожны, хто мае веру, цалкам у гэтым перакананы, бо ў гэтым нас запэўнівае Бог, які без ваганняў паслаў свайго Сына на крыжовую смерць, каб разбурыць усе крыжы і адкрыць крыніцу жыцця.

Гэтая вестка гучыць таксама і на беларускай зямлі, якая яшчэ і ў гэтыя дні пад сваім снежным покрывам хавае ў сабе безліч ахвяраў. Усе яны ў смерці сталіся братамі, бо былі без адрознення забітыя сляпою нянавісцю: католікі, праваслаўныя, пратэстанты, а таксама шматлікія габрэі разам з тымі, хто не належаў ні да якой рэлігіі, але ў добрым сумленні шукаў шлях да праўды. Гэтая вестка напаўняе Беларусь надзеяй, адкрывае яе для будучыні, кажа ёй, што Бог ніколі яе не пакідаў, а таксама абяцае яе народу шчасце, якое Айцец зберагае для сваіх узлюбленых дзяцей.

Няхай жа з гэтай зямлі, заручанай з Панам, як сказаў бы прарок Ісая, нашае віншаванне, нібы нябачная хваля, дасягне ўсіх братоў і сясцёр, якія ў розных кутках свету падзяляюць гэтую радасць, што з’яўляецца радасцю ўсяго Касцёла. Узрадуйцеся ж і ўзвесяліцеся: усялякая смерць пераможана, кожная сляза асушана, усялякая несправядлівасць выпраўлена, кожнае расчараванне пераменена ў шчасце!

Хрыстус уваскрос! Хрыстус уваскрос! Хрыстус уваскрос!


 
© 2003-2024 Catholic.by