Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у навуковай канферэнцыі ў Казані | Друк |
Іерархі
26.08.2013 15:30
У Казані з 23 па 25 жніўня праходзіла канферэнцыя, прысвечаная Году веры і прымеркаваная да пяцігоддзя асвячэння касцёла Узвышэння Св. Крыжа. У канферэнцыі прыняў удзел і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
 
Удзельнікі канферэнцыі наведалі абраз Маці Божай Казанскай, які ў 2004 годзе Праваслаўнай Царкве перадаў папа Ян Павел ІІ. Сёння абраз знаходзіцца ў Казані ў праваслаўнай царкве Узвышэння Святога Крыжа.
 
Удзельнікі канферэнцыі пакланіліся абразу Маці Божай Казанскай, пасля чаго беларускі іерарх разам з ардынарыем дыяцэзіі св. Клеменса ў Саратаве біскупам Клеменсам Пікелем сумесна з суправаджаючымі асобамі былі прынятыя архіепіскапам Казанскім і Татарскім Анастасіем. Іерарх быў вельмі рады бачыць беларускага Мітрапаліта, з якім апошні раз сустракаўся ў 1997 г.
 
Архіепіскап Анастасій паказаў гасцям сваю новую рэзідэнцыю, пасля чаго за гарбатай госці абмеркавалі стан веры ў сучасным свеце і выказалі вялікую занепакоенасць працэсам секулярызацыі. Пры гэтым яны падкрэслілі неабходнасць прыняцця новых захадаў у справе евангелізацыі.
 
Пасля абеда арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў на канферэнцыі з дакладам на тэму «Папа Францішак і новая евангелізацыя для перадачы веры».
 
«Я вельмі рады, што магу прыняць удзел у гэтых урачыстасцях. Узгадваю тыя гады, калі я быў Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду Еўрапейскай часткі Расіі і таксама наведваў Казань. Памятаю часы, калі зарэгістраваная парафія малілася на кватэры, пасля праводзіла набажэнствы ў маленькай капліцы «Пакуты Хрыстовыя» на Арскім могільніку, — зазначыў беларускі іерарх. — "Мал золотник, да дорог", — гаворыць прымаўка. І калі мы ўсе тады радаваліся таму, што ёсць хоць маленькая, але ўсё-ткі капліца.
 
 
Касцёл у Казані. 2013 г. 
 
Усім было зразумела, што нялёгка будзе вырашыць пытанні аб перадачы святыні каталіцкай парафіі ў Казані. І таму было знойдзена задавальняючае для ўсіх бакоў рашэнне — з дапамогай дзяржавы пабудаваць новую святыню. Што і было зроблена. І сёння мы адзначаем пятую гадавіну яго асвячэння дэканам Калегіі кардыналаў Анджэла Садана. Цікава, што асвячэнне новай святыні Узвышэння Святога Крыжа ў Казані адбылося роўна праз 150 гадоў пасля асвячэння першай казанскай каталіцкай святыні».
 
Гаворачы пра стан сённяшняга касцёла ў Казані, які святкуе сваё пяцігоддзе, Мітрапаліт Кандрусевіч дадаў, што святыня — гэта перадусім «месца сустрэчы чалавека з Богам для нараджэння і ўмацавання веры».
 
Аналізуючы стан сённяшняй веры, арцыпастыр звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць у сённяшнім Касцёле правядзення новай евангелізацыі і прывёў у прыклад Пантыфіка Францішка:
 
«У імкненні ўнесці новы імпульс у працэс новай евангелізацыі папа Францішак выкарыстоўвае вельмі просты і ўсім дасяжны стыль казання, якое карыстаецца вялікай папулярнасцю. Ніколі раней агульныя папскія аўдыенцыі не збіралі такой вялікай колькасці людзей, як гэта ёсць зараз. Простая, не абстрактная мова, прыклады з жыцця, чалавечая простасць і пакора, а таксама асаблівая ўвага да рашэння сацыяльных праблем і дапамогі бедным, здабылі яму вялізную папулярнасць і гавораць самі за сябе. Прычым гавораць вельмі пераканаўча», — заключыў іерарх.

На завяршэнне першага дня працы канферэнцыі адбылася святая Імша, якую ўзначаліў беларускі іерарх. У сваёй гаміліі арцыпастыр падкрэсліў значэнне касцёла ў новай евангелізацыі, як месца, дзе абвяшчаецца Божае слова, цэлебруюцца святыя сакрамэнты і здзяйсняецца дабрачынная праца. Асаблівым чынам ён падкрэсліў неабходнасць трымацца цэласнасці вучэння Хрыста.
 
У другі дзень канферэнцыі Мітрапаліт прадставіў прысутным даклад «Аналіз Энцыклікі папы Францішка «LUMEN FIDEI».
 
(tk), (jls)

 
© 2003-2024 Catholic.by