17 лістапада біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў Вільню, дзе адзначалася ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці, Маці Божай Вастрабрамскай. Іерарх узначаліў Імшу суму з удзелам членаў епіскапату Літвы. Маці Божая Вастрабрамская з’яўляецца галоўнай апякункай Гродзенскай дыяцэзіі.
«Мы глядзім з глыбокай верай на спакойнае і напоўненае клопатам аблічча нашай Маці і Каралевы, — сказаў гродзенскі ардынарый у гаміліі, кажучы пра абраз у санктуарыі ў Вострай Браме. – І, напэўна, нашы сэрцы мацней б’юцца з радасці і ўдзячнасці за ласкі, атрыманыя праз Яе пасрэдніцтва ў малітве». Па словах біскупа, «абраз Вастрабрамскай Маці сваёю славай перакрочыў межы Літвы», Марыя «быццам бы хоча прыгарнуць кожнага з нас і выслухаць нашы радасці, праблемы».
«Які ж блізкі нашаму сэрцу гэты горад, дзе ў ХХ ст. аб’явілася таямніца Божай Міласэрнасці, (…) дзе распачаўся шлях святой Фаўстыны Кавальскай! — дадаў іерарх. — Гэтай вялікай містычцы Хрыстус даверыў сваё пасланне міласэрнасці».
«Сёння мы дзякуем Богу за нашу Маці Міласэрнасці, Вастрабрамскую Каралеву нашых сем’яў і народа, — адзначыў біскуп. — Гэта вялікі дар неба, дзякуючы якому мы адчуваем сябе ў бяспецы і спакоі». Іерарх падкрэсліў, што «спадчына Вастрабрамскай Маці жыве і ў Беларусі», Яна з’яўляецца галоўнай апякункай Гродзенскай дыяцэзіі, ад імя вернікаў якой біскуп выказаў удзельнікам Імшы ў Вільні сардэчныя прывітанні. Іерарх падзякаваў Мітрапаліту Віленскаму арцыбіскупу Гінтарасу Грушасу за запрашэнне і магчымасць супольнай малітвы перад абразом у Вострай Браме.
«Мы перажываем Год веры. Чаму вучыць нас Маці Міласэрнасці? — працягваў біскуп. — Яна, дачка Ізраэля, якую Бог напоўніў ласкай, якая была абрана Маці свайго Сына, (…) у сваім радасным Magnificat славіла Усемагутнага Пана і Яго міласэрнасць з пакалення ў пакаленне».
Біскуп нагадаў таксама словы благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, які казаў, што ў момант свайго абрання на Святы Пасад думаў пра Найсвяцейшую Маці з Вострай Брамы.
«Яна з намі і заўсёды прагне кожнаму чалавеку быць апякункай і дапамогай», — адзначыў біскуп.
З 1735 г. у другі тыдзень лістапада ў Вострай Браме адзначаецца свята Апекі Маці Божай, пазней яно перарасло ў апустовую актаву – Дні апекі. Штогод вернікі з Вільні і іншых мясцін, у тым ліку ў Беларусі, прыбываюць у гэты час да Маці Міласэрнасці. Дэвіз сёлетніх Дзён апекі ў Вострай Браме — «Ласка, міласэрнасць і супакой» — узыходзіць да словаў Мітрапаліта Віленскага Гінтараса Грушаса.
(AG), (JM)
|