Беларускія іерархі ўдзельнічалі ў семінары па тэме мас-медыя (+фота) | Друк |
Іерархі
03.04.2014 16:15

З 31 cакавіка па 3 красавіка ў Еўрапейскім цэнтры камунікацыі і культуры ў Варшаве (Польшча), які ўзначальваюць айцы езуіты, адбыўся семінар на тэму, як паводзіць сябе з мас-медыя ў крызісных сітуацыях. На семінары, арганізаваным Канферэнцыяй Біскупаў ЗША і Еўрапейскім цэнтрам камунікацыі і культуры, Беларусь прадстаўлялі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня ККББ біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

У семінары прынялі ўдзел каля 35 чалавек, у асноўным біскупы і некалькі святароў, з Азербайджана, Албаніі, Арменіі, Беларусі, Венгрыі, ЗША, Казахстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Славеніі, Славакіі, Украіны, Харватыі і Таджыкістана.

Кожны дзень семінара пачынаўся Імшой на лацінскай мове. У апошні дзень семінара Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. У гаміліі на англійскай, польскай і італьянскай мовах беларускі іерарх, зыходзячы з чытанняў на чацвер 4-га тыдня Вялікага посту, прадставіў праблему падмену духоўных каштоўнасцяў матэрыяльнымі, якая праяўлялася ўжо ў Старым Запавеце і становіцца дамінуючай у наш час, ведучы да секулярызацыі свету. Арцыбіскуп адзначыў, што з мэтай навяртання сучаснага свету неабходна больш эфектыўна выкарыстоўваць медыя, якія дасягаюць чалавека нават тады, калі ён гэтага не чакае.   

Семінар складаўся з тэарэтычных і практычных заняткаў. Лекцыі чыталі спецыялісты з ЗША, Ірландыі і Польшчы. Практычныя заняткі вялі польскія спецыялісты. Тэарэтычныя заняткі канцэнтраваліся на тэмах “Выбраныя праблемы PR у касцёльным кантэксце” і “Як у крызісных сітуацыях прамаўляць да свецкага свету”. Пасля кожнай лекцыі прамоўца адказваў на пытанні, якіх было вельмі шмат і якія ў асноўным закраналі практычныя аспекты правядзення інтэрв’ю і адказаў на пытанні журналістаў.

Практычныя заняткі складаліся з выступленняў перад тэлекамерамі, пасля якіх адбываліся абмеркаванні выступленняў, спачатку тым, хто прамаўляў, а затым усімі ўдзельнікамі.

Семінар выявіў вострую неабходнасць далейшага ўдасканальвання духоўных асобаў у галіне правядзення інтэрв’ю і прэс-канферэнцый, асабліва ў складаных крызісных сітуацыях. Ён даў шмат новых ведаў удзельнікам, таму будзе вельмі прыдатным у іх дзейнасці як духоўных лідараў.

Таксама семінар дапамог больш даведацца аб рэлігійнай сітуацыі ў Еўропе і свеце, аб праблемах, з якімі сутыкаецца там Касцёл, і аб тым, як ён іх вырашае.

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by