“Ад гэтага Форума мы чакаем таго, каб працягваўся, паглыбляўся і развіваўся наш дыялог, наша ўзаемаразуменне”, - адзначыў у размове з Catholic.by Мітрапаліт дыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паоло Пеццы. Іерарх прымае ўдзел у ІV Каталіцка-Праваслаўным Форуме на тэму «Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскім Цэрквам у Еўропе», які праходзіць у Мінску.
Кажучы пра надзею, якую ён ускладае на дадзены Форум, арцыбіскуп адзначыў, што “надзея заўсёды звязана з Хрыстом, інакш гэта не хрысціянская надзея”. “Праблема мовы, праблема няведання адзін аднаго часта становяцца перашкодамі, ствараюць сцяну паміж намі”, - заўважыў іерарх і дадаў, што ад Форума якраз і чакаецца паглыбленне ўзаемаразумення паміж удзельнікамі.
У сучасным плюралістычным свеце, па словах арцыбіскупа Паоло Пеццы, іерархам хрысціянскіх Цэркваў важна памятаць пра Хрыста. “Калі мы забываем пра Хрыста - пачынаем забываць пра чалавека, пра тое, што перш за ўсё гаворка ідзе пра наша асабістае навяртанне, - тады мы вядзем народы і паству не па хрысціянскіх шляхах”, - патлумачыў Мітрапаліт дыяцэзіі Маці Божай.
Анастасія Грышан
|