У ІV Каталіцка-Праваслаўным Форуме «Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскім Цэрквам у Еўропе» прымаюць удзел каталіцкія і праваслаўныя іерархі з розных еўрапейскіх краін. Мітрапаліт Міхалаўскі і Кошыцкі Георгій (Праваслаўная Царква Чэшскіх земляў і Славакіі) расказаў Сatholic.by пра рэлігійную сітуацыю ў Славакіі.
Іерарх прызнаўся, што можа назваць Славакію, у адрозненне ад Чэхіі, разам з якой яна складала шмат гадоў адну дзяржаву, што распалася 20 гадоў таму, “веруючай краінай”. “Уцаркоўленых людзей там шмат. Канешне, адно пытанне – уплыў Евангелля ў паўсядзённым жыцці, другое – удзел людзей у царкоўных абрадах”, - дадаў Мітрапаліт.
Іерарх распавёў, што большасць 5-мільённага насельніцтва Славакіі – католікі лацінскага абраду, ёсць таксама католікі ўсходняга абраду – грэка-католікі або ўніяты. Другая па колькасці рэлігія там – лютэранская Царква, трэцяя – так званая рэфармацкая або кальвінісцкая, пасля ж па колькасці ідзе Праваслаўная Царква - 50 тысяч з 5 мільёнаў чалавек. Жыццё Праваслаўнай Царквы Чэшскіх земляў і Славакіі арганізавана ў дзвюх епархіях. “Маленькую епархію на самым усходзе краіны Пан прысудзіў мне”, - дадаў іерарх. У Праваслаўнай Царквы ў Славакіі ёсць таксама свой тэалагічны факультэт.
Мітрапаліт адзначыў таксама, што, хоць знаходзіцца ў Беларусі толькі тры дні, заўважыў гасціннасць і дастатковую адкрытасць людзей, чысціню горада Мінска, дзе праходзіць ІV Каталіцка-Праваслаўны Форум. “Мае агульныя ўражанні ад прабывання ў Беларусі – вельмі станоўчыя”, - падзяліўся іерарх.
Анастасія Грышан
|