Кардынал Петэр Эрдзё: ІV Каталіцка-Праваслаўны Форум існуе, каб умацаваць супрацоўніцтва праваслаўных і католікаў у сацыяльных, культурных і маральных пытаннях | Друк |
Іерархі
05.06.2014 12:23

“Гэты Форум існуе з той мэтай, каб умацаваць узаемадзеянне і супрацоўніцтва паміж праваслаўнымі і католікамі ў сацыяльных, культурных і маральных пытаннях”, - сказаў у размове з Catholic.by сустаршыня ІV Каталіцка-Праваслаўнага Форума «Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскім Цэрквам у Еўропе» кардынал Петэр Эрдзё, арцыбіскуп Эстэргомскі і Будапешцкі, старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы.

“Сапраўды, паміж праваслаўнымі і католікамі ёсць вельмі вялікае поле супрацоўніцтва ва ўсіх гэтых пытаннях”, - адзначыў іерарх.

Кардынал выказаў думку, як Касцёл можа дапамагчы Еўропе ў сённяшні час. Па словах сустаршыні Форума, сучасную Еўропу трэба разумець перш за ўсё “як культурнае адзінства”. “Тое, што аб’ядноўвае народы Еўропы, - гэта хрысціянства. І мы, хрысціяне, можам прынесці і прапанаваць менавіта гэтыя хрысціянскія каштоўнасці”, - звярнуў увагу іерарх.

Таксама кардынал прызнаўся, што бачыць у Беларусі “плады адраджэння каталіцкага жыцця”. “Я дастаткова добра ведаў кардынала Казіміра Свёнтка, які быў тут сведкам часу ганенняў”, - падзяліўся сустаршыня Форума.

Па словах іерарха, яго радуе і тое, што ў Беларусі існуюць добрыя адносіны паміж праваслаўнымі і католікамі.

Анастасія Грышан

 
© 2003-2024 Catholic.by