Госць будслаўскіх урачыстасцяў біскуп Валерыё Ладзэры: «Тут я ўбачыў шчырасць і глыбіню веры людзей» | Друк |
Іерархі
05.07.2014 18:39

На ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, якія праходзілі ў гэтым годзе 4-5 ліпеня, прыбыў госць са Швейцарыі – біскуп Лугано Валерыё Ладзэры. Пра ўражанні, выкліканыя двухдзённым прабываннем у Беларусі, іерарх распавёў у размове з Catholic.by.

— Ваша Эксцэленцыя, з якімі ўражаннямі Вы пакідаеце Будслаў?

— Гэта пачуццё ўдзячнасці за тое, што я мог перажыць гэтую падзею, а перадусім – уражанне ад шчырасці і глыбіні веры людзей, якіх я ўбачыў тут.

— Вы два дні ў Беларусі. Ці маглі заўважыць розніцу, якая існуе паміж беларусамі і народам Швейцарыі, дзе Вы служыце?

— Безумоўна, ёсць шматлікія адрозненні, таксама на ўзроўні таго, як маніфестуецца вера людзей. Па прычынах і гістарычных, і іншых католікі ў Швейцарыі не схільныя да таго, каб выражаць сваю веру. Але я вяртаюся з удзячнасцю і з такім пачуццём, што, нягледзячы на нейкія культурныя адрозненні, наш Касцёл дазваляе нам адчуваць сябе дома, нават будучы далёка ад дома.

— Гавораць, што чалавек праз усё сваё жыццё вучыцца. Можа, Вы чамусьці навучыліся ў беларусаў?

— Так, я навучыўся тут найперш таму, што ў глыбіні сябе народ знаходзіць сілы і матывацыю, каб перажыць цяжкія моманты. А таксама — таму, што чалавек зноў вучыцца маліцца, перадусім маліцца публічна. Думаю, што гэтаму мы павінны вучыцца пастаянна. 

Кс. Юрый Марціновіч, Анастасія Грышан

 
© 2003-2024 Catholic.by