Арцыбіскуп Кандрусевіч прадставіў на Сінодзе даклад на тэму хрысціянскага выхавання | Друк |
Іерархі
09.10.2014 18:20

Гэта было ўжо трэцяе выступленне беларускага іерарха на Сінодзе Біскупаў. Да гэтага Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступаў у свабодных дыскусіях у аўторак і сераду.

Беларускі арцыбіскуп прадставіў сітуацыю з верай, якая існуе ў Беларусі, і спыніўся на яе гістарычных перадумовах:

«Рэлігія лічылася «опіумам», рэлігійная літаратура не выдавалася, не было хрысціянскіх радыё- і тэлепраграм. Мы ведаем, якой бядою стала Чарнобыльская катастрофа, але быў яшчэ і іншы Чарнобыль — богаборчы. Вынікі гэтых ганенняў на веру мы перажываем да гэтых дзён, і яшчэ доўга будзем лячыць раны атэістычнага рэжыму», — сказаў іерарх.

У сваёй прамове арцыпастыр зазначыў, што ва ўмовах атэістычнай ідэалогіі ролю катэхізатараў і «захавальнікаў» веры бралі на сябе бабулі і дзядулі. Мітрапаліт нагадаў, што сёння, як і раней, важная роля ў духоўным выхаванні моладзі належыць бацькам.

Іерарх выказаў думку, што Сінод павінен падбадзёрыць мясцовыя Касцёлы да распрацоўкі душпастырскіх планаў для фармацыі бацькоў у гэтай галіне, таму што «моладзь — будучыня Касцёла і свету, якая павінна стаць іх “радасцю і надзеяй”».

«Бацькі часта зусім забываюцца пра свае абавязкі і пра тое, што менавіта яны павінны быць першымі выхавацелямі для сваіх дзяцей», — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — У наш час «святынямі» для цэлых сем’яў становяцца гіпермаркеты, рэстараны, канцэртныя залы, футбольныя стадыёны. Там сем’і праводзяць нядзелю, якая такім чынам больш не з’яўляецца днём для Бога».

(JLS)

 
© 2003-2024 Catholic.by