Біскупы пра каштоўнасць жыцця: «Жыццё святое, яго неабходна абараняць» | Друк |
Іерархі
10.10.2014 12:03

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, беларускі ўдзельнік Сіноду Біскупаў, распавёў Catholic.by пра асаблівасці працы ўдзельнікаў Сіноду ў чацвер.

Паводле слоў іерарха, усяго за першы тыдзень працы Сіноду адбылося каля 180 выступленняў падчас генеральных кангрэгацый, а таксама каля 80 выступленняў падчас свабодных дыскусій.

Як адзначыў арцыпастыр, біскупы выказалі занепакоенасць пашырэннем кантрацэпцыі, вынікам якой становіцца дэмаграфічны крызіс. Было падкрэслена, што жыццё святое і яго неабходна абараняць.

З жалем адзначалася, што абартарыі ўжо сталі часткай гарадоў, а грамадзянскае заканадаўства спрыяе іх развіццю. Была агучана думка, што неабходна адпаведная фармацыя моладзі, каб, ствараючы сем’і, яна не баялася прыняць жыццё. Было зазначана, што людзі баяцца адказнасці і адмаўляюцца ад касцёльнага благаслаўлення.

Тым не менш, як адзначылі біскупы, сям’я з’яўляецца фундаментам грамадства і Касцёла — калі фундамент нестабільны, то і грамадства, і Касцёл таксама нестабільныя.

Дадаткова была звернута ўвага на праблему штучнага апладнення, падчас якога шмат эмбрыёнаў гіне, а таксама на так званыя «шлюбы для турыстаў», калі хлопец і дзяўчына без падрыхтоўкі, купіўшы тур у турагенцтве, без дакументаў і зусім не ведаючы мэты шлюбу, бяруць шлюб.

Было падкрэслена, што неабходна евангелізаваць сям’ю і адначасова лячыць яе. Зазначалася, што душпастырства сям’і не павінна быць душпастырствам для сям’і, аднак разам з сям’ёй.

У чарговы раз было паднята пытанне пра гомасексуалізм. Было зазначана, што гомасексуальныя саюзы не могуць лічыцца сям’ёй, бо ў першую чаргу ў такіх саюзах не нараджаецца новае жыццё, а гэта адна з мэтаў заключэння сямейнага саюзу.

(IL)

 
© 2003-2024 Catholic.by