Паведамленне біскупа Антонія Дзям'янкі з нагоды Ружанцовага Кангрэсу ў Беларусі | Друк |
Іерархі
17.10.2014 18:42

да ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі

“Просім Панну Марыю навучьщь нас штодзённа жыць верай,
каб знайсці больш прасторы для Бога”
(Папа Францішак)

Дарагія дыяцэзіяне,

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі на 56-м пленарным пасяджэнні прыняла рашэнне аб правядзенні ў Беларусі з 4 па 26 кастрычніка, у межах Года малітвы, Ружанцовага Кангрэсу. Гэты кангрэс складаецца з чатырох частак у адпаведнасці з часткамі малітвы Ружанца: па адной — у кожнай дыяцэзіі нашай краіны. Так, 4-5 кастрычніка ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы з гэтай нагоды i разважанне над радаснымі таямніцамі. 11-12 кастрычніка вернікі Віцебскай дыяцэзіі моляцца аб супакоі ва ўсім свеце, разважаючы над таямніцамі святла. Трэцяя частка кангрэсу, прысвечаная балесным таямніцам, пройдзе 18-19 кастрычніка ў Гродзенскай дыяцэзіі, а правядзенне апошняй, чацвёртай часткі, запланавана на 25-26 кастрычніка ў Пінскай дыяцэзіі. Цэнтрам кангрэсу ў нашай дыяцэзіі стане катэдральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску.

Заахвочваю ўсіх святароў, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў, асабліва тых, хто належыць да суполак Жывога Ружанца, прыняць удзел у малітоўнай сустрэчы ў Пінску. Тут 25 кастрычніка а 11-й гадзіне мы разам памолімся, разважаючы над хвалебнымі таямніцамі святога Ружанца, а таксама будзем адзначаць шэраг іншых важных падзей: 100-годдзе з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка i агульнабеларускую сустрэчу сем’яў.

Заахвочваю таксама ўcix да індывідуальнай i супольнай малітвы на ружанцы ў сваix парафіяльных касцёлах, капліцах, сем’ях. Касцёл заўсёды падкрэсліваў вялікую моц i значэнне ружанцовай малітвы. Святы Ян Павел II у Апостальскім лісце Rosarium Virginis Mariae казаў: “Гэта малітва, такая лёгкая i ў той жа час такая багатая, сапраўды заслугоўвае таго, каб хрысціянская супольнасць нанова яе адкрыла”.

Асаблівую ўвагу скіроўваю да членаў суполак Жывога Ружанца, якія існуюць у шматлікіх парафіях Пінскай дыяцэзіі. Няхай дзякуючы вашаму прыкладу i сведчанню няспынна пашыраецца культ Maцi Божай, а Ружанец няхай стане штодзённай малітвай кожнага верніка.

Заклікаю ўсіх да малітвы ў інтэнцыі кангрэсу і прысутнасці на малітоўнай сустрэчы ў Пінску.

З пастырскім благаслаўленнем

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 9 кастрычніка 2014 г.

Шаноўныя святары няхай абвесцяць гэтае паведамленне на кожнай святой Імшы ў нядзелю 19 кастрычніка 2014 г.  


 
© 2003-2024 Catholic.by