Каталіцкія іерархі прынялі ўдзел у калядным вечары адукацыйнага цэнтра імя свв. Мятода і Кірыла | Друк |
Іерархі
15.01.2015 21:31

Апостальcкі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прынялі ўдзел у калядным вечары Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мятода і Кірыла», які быў арганізаваны 15 студзеня ў Інстытуце тэалогіі БДУ.

У гэты вечар па традыцыі былі ўручаны прэміі хрысціянскага адукацыйнага цэнтра «За асаблівы ўклад у справу хрысціянскай асветы і адукацыі, дбайнае служэнне Царквы Хрыстовай у справе выхавання моладзі, уклад у развіццё тэалагічнай адукацыі» па выніках за 2014 год.

Галоўным госцем вечара стаў кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

На адкрыццё каляднага вечара з прывітальным словам да прысутных спачатку звярнуўся рэктар БДУ Сяргей Абламейка, затым было зачытана прывітальнае слова міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова.

Выступіў са сваім словам і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Як адзначыў папскі пасланнік, Божае Нараджэнне — агульнае свята праваслаўных і католікаў.

«У нас розныя даты святкавання Божага Нараджэння, але гэтая розніца не закранае вытокі нашай веры. Магчымасць сустрэчы ў такім месцы [Інстытут тэалогіі — рэд.] дае магчымасць звярнуцца да ўсяго свету са звесткай аб збаўленні, якое дае Езус. Менавіта гэтая радасць і збаўленне абароняць моладзь ад усіх нягодаў і стануць фундаментам і базісам будучыні краіны», — адзначыў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.


Прадстаўнік Пантыфіка дадаў, што рады перадаць віншаванне Папы Францішка, для якога пытанне адзінства хрысціянскіх канфесій з’яўляецца вельмі важным.

«Я ўпэўнены, што гэты інстытут застанецца і надалей тым цэнтрам для супрацоўніцтва праваслаўных і католікаў, якое будзе працягвацца і служыць прыкладам для іншых, якія скажуць: паглядзіце, як яны любяць адзін аднаго», — сказаў Апостальскі Нунцый.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, беручы слова для прывітання, у сваю чаргу павіншаваў Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла з першым годам служэння ў Беларусі.



Таксама каталіцкі іерарх згадаў ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта, дзякуючы якому і паўстаў хрысціянскі адукацыйны цэнтр, і параўнаў яго постаць з Бэтлеемскай зоркай.

Той жа Бэтлеемскай зоркай, якая вядзе да Хрыста, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў быць і Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Паўлу.

Далей адбылася цырымонія ўручэння прэмій. З боку святароў прэмію Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра атрымаў архімандрыт Сава (Мажука), аўтар і вядучы праграмы «Святло невечаровае». З боку свецкіх — катэхет з Чэрвеня Валянціна Толсцік.

Завяршыўся штогадовы калядны вечар невялікім канцэртам у выкананні хору «Вісон».

Падрыхтаваў Ілья Лапато

 
© 2003-2025 Catholic.by