Біскуп Юзаф Станеўскі прыняў удзел у пасвячэнні дапаможнага біскупа Радамскай дыяцэзіі (Польшча) | Друк |
Іерархі
02.03.2015 11:10

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі прыняў удзел у біскупскім пасвячэнні кс. Пятра Турынскага, якое адбылося 28 лютага ў катэдральным касцёле ў Радаме (Польшча). Ксёндз Пётр Турынскі, да гэтага часу віцэ-рэктар духоўнай семінарыі ў Радаме, стаў дапаможным біскупам Радамскай дыяцэзіі. Галоўным кансэкратарам быў Апостальскі Нунцый у Польшчы арцыбіскуп Чэлесціно Мільёрэ.

Ва ўрачыстай Імшы прынялі ўдзел больш за 20 арцыбіскупаў і біскупаў, у тым ліку з Беларусі і Украіны, і больш за 300 святароў, у тым ліку з Італіі, Чэхіі і дыяцэзій Польшчы.



 

Віншуючы новага іерарха, біскуп Юзаф Станеўскі пажадаў яму, каб яго служэнне ў Касцёле ў Радаме было напоўнена моцай Святога Духа і адкрытасцю на людзей, да якіх ён будзе пасланы. Акрамя таго, біскуп падзякаваў за ахвярнае шматгадовае служэнне ў Беларусі святароў з Радамскай дыяцэзіі. Трэба адзначыць, што шэраг гадоў святары з гэтай дыяцэзіі былі таксама выкладчыкамі ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Новы дапаможны біскуп Пётр Турынскі — аднакурснік выкладчыка гродзенскай семінарыі кс. Рамана Катлімоўскага. У 1988 г. яны прынялі прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Эдварда Матэрскага.

Кс. Юрый Марціновіч


 
© 2003-2025 Catholic.by