Велікодныя віншаванні Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці | Друк |
Іерархі
04.04.2015 23:51

Дзесяць гадоў таму адышоў у вечнасць Папа Ян Павел ІІ, якога Каталіцкі Касцёл абвясціў святым. Ён называў сябе "першым Папам, пакліканым на Пасад cвятога Пятра (...) са славянскіх народаў" ("Slavorum Аpostoli", 3). З уласнага досведу я ведаю, наколькі глыбока гэты Папа адчуваў сябе славянінам. Для яго гэта было гонарам і пакліканнем адначасова.

На працягу многіх гадоў Караль Вайтыла быў ізаляваны атэістычным рэжымам і змушаны маўчаць. Калі ён стаў Папам, то сваю місію хрысціяніна і славяніна ён бачыў у тым, каб зламаць навязанае маўчанне,  абвяшчаць Хрыста ўсяму свету і сведчыць аб сваёй «моцнай надзеі на паступовае пераадоленне ў Еўропе і ў свеце ўсяго таго, што раздзяляе Цэрквы, нацыі, народы» ("Slavorum Аpostoli", 2).

Ян Павел ІІ вельмі шмат падарожнічаў. Ён шчыра любіў кожную культуру. Абдымаючы прадстаўнікоў розных краін або апранаючы на сябе элементы іх нацыянальнага касцюма, Папа паказваў сваю надзею на адзінства ўсяго свету.

Ян Павел ІІ моцна жадаў прыехаць таксама сюды, каб абняць беларусаў на іх зямлі, так блізкай яго сэрцу, але яму не было дазволена.

Як прадстаўнік Папы на беларускай зямлі, я хацеў бы пажадаць усім, каб уваскрослы Хрыстус дапамог зламаць бар'еры, якія людзі ўпарта працягваюць узносіць, і каб усе змаглі адчуць сябе адной сям'ёй.

Жадаю ўсім быць здольнымі бачыць рэчаіснасць вачамі грамадзян свету, нікога не адпіхваючы і не выключаючы.

Святы Ян Павел II, выпрасі ў Бога для "сваіх славян" дар адзінства і міру, без зайздрасці, подласці, барацьбы, без трагедыі насілля ва Украіне.

Жадаю, каб беларусы лепш разумелі сваю адмысловую ролю ў будаванні славянскай еднасці, з павагай да разнастайнасці, і са свядомасцю агульнай спадчыны. У гэтым працэсе таксама і розныя Цэрквы ўцягваюцца ў пераадольванне бясплённых падзелаў, незразумелых і непрымальных для сучаснага чалавека, якія асудзіў сам Хрыстус.

Зусім нядаўна Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы Францішка кардынал П'етро Паралін наведаў Беларусь. Пасля свайго вяртання ён расказаў Папу пра гэты візіт. Пантыфік быў вельмі ўзрушаны сведчаннем свайго бліжэйшага супрацоўніка.

Папа Францішак благаслаўляе ўсіх беларусаў і жадае таго, што найбольш каштоўнае ў жыцці: дарыць любоў і быць любімымі.

Таксама і кардынал П'етро Паралін перадае вам прывітанне і дзякуе за вашу гасціннасць, якую ён у размове са мной назваў “незабыўнай”.

Спадзяюся, што прыйдзе той дзень, калі не толькі прадстаўнік, але сам Папа Францішак зможа прыехаць сюды, каб абняць вас, дазваляючы гэтым адчуць, як моцна Бог вас любіць. Таксама і Ян Павел ІІ узрушыцца ў небе, бачачы, што ягонае моцнае жаданне выказаць вам сваю любоў, нарэшце, змагло рэалізавацца.
 
Дарагія беларусы, Хрыстус уваскрос!

 
© 2003-2024 Catholic.by