Біскуп Антоні Дзям’янка прыняў удзел у Еўрапейскім кангрэсе душпастырства студэнтаў | Друк |
Іерархі
20.04.2015 12:47

16-19 красавіка ў Лодзі (Польшча) прайшоў Еўрапейскі кангрэс душпастырства студэнтаў. Беларусь на ім прадставіў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Кангрэс быў прысвечаны тэме “Быць і станавіцца адказнымі за жыццё”. Яго арганізавала ў межах Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) камісія па справах катэхезы, школ і ўніверсітэтаў, якую ўзначальвае Мітрапаліт Лодзкі арцыбіскуп Марэк Ендрашэўскі, які і стаў гаспадаром гэтай сустрэчы.

У кангрэсе прынялі ўдзел каля 50 прадстаўнікоў епіскапатаў краін Еўропы, адказных за нацыянальнае душпастырства студэнтаў.



 

Сярод выступоўцаў быў кардынал Зянон Грахалеўскі, шматагдовы (1999-2015 гг.) прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі, які казаў на кангрэсе аб душпастырстве студэнтаў у перспектыве развіцця чалавецтва.

Удзельнікі падкрэслілі патрэбу дапамогі студэнтам у адкрыцці і прыняцці жыццёвай адказнасці. Як яны неаднаразова зазначылі, гэта фундаментальная задача душпастыраў студэнтаў.

Заўважалася таксама, што многія маладыя людзі шукаюць сэнс жыцця, і задача Касцёла – дапамагчы ім у гэтым пошуку, прапануючы сапраўдны, хрысціянскі, сэнс жыцця.



 

Падчас кангрэсу прадстаўнікі епіскапатаў краін Еўропы разважалі таксама аб спосабах нясення дапамогі маладым людзям і падзяліліся метадамі і вопытам, якія маглі б быць выкарыстаны ў працы душпастыраў са студэнтамі.

Універсітэцкая секцыя Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы сустракаецца адзін раз у пяць гадоў. Мэта Рады CCEE – падтрымка і абарона дабра Касцёла.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота archidiecezja.lodz.pl


 
© 2003-2025 Catholic.by