Пастырскі ліст біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на распачацце катэхетычнага года 2015/2016 | Друк |
Іерархі
12.08.2015 11:26

Шаноўныя святары,
кансэкраваныя асобы,
умілаваныя вернікі Пінскай дыяцэзіі!

У апошнія дні лета мы дзякуем Богу за час адпачынку, канікулаў і водпускаў. Час – гэта Божы дар, які трэба належным чынам выкарыстоўваць. Нездарма псальміст звяртаецца да Бога са словамі: “Навучы нас лічыць дні нашыя, каб мы здабылі мудрасць сэрца” (Пс 90, 12).

Мы таксама пачынаем новы катэхетычны год. Варта ўсвядоміць важнае значэнне катэхізацыі і яе істоту. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла кажа, што ў цэнтры катэхізацыі знаходзіцца асоба Езуса Хрыста. Катэхізаваць – значыць адкрываць адвечны Божы план збаўлення, пазнаваць Хрыста і ўзбуджаць жаданне Яго пазнання. З гэтага нараджаецца прагненне евангелізацыі і імкненне прывесці іншых людзей да веры (пар. ККК 426–429). Паводле слоў св. Аўгустына, катэхізаваць – гэта “аддаць наш голас Езусу, каб Ён прамаўляў праз нас”.

Першым асяроддзем, дзе перадаецца вера і адбываецца пазнанне Пана Бога, з’яўляецца сям’я. Бацькі – гэта першыя выхаваўцы і настаўнікі веры для сваіх дзяцей. Да бацькоў асаблівым чынам звернуты заклік Езуса Хрыста: “Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае” (Мк 10, 14).

Я прашу вас, дарагія бацькі, каб вы разам са сваімі дзецьмі кожную нядзелю ўдзельнічалі ў святой Імшы, рэгулярна прыступалі да святых Сакрамэнтаў, разам маліліся і давалі дзецям прыклад глыбокай і жывой веры. Вам таксама належыць паклапаціцца аб іх сістэматычнай катэхізацыі. Ніякія знешнія фактары, як, напрыклад, недахоп часу, дадатковыя заняткі і факультатывы ў школе, удзел у спартыўных гуртках, вывучэнне замежных моваў не могуць вызваліць ад абавязку пазнавання Хрыста і Яго вучэння. Невыкананне гэтага абавязку з’яўляецца грахом, які кладзецца на сумленне дзяцей, моладзі, іх бацькоў і хросных.

Дарагія дзеці і моладзь! Я звяртаюся да вас з гарачай просьбай палюбіць заняткі рэлігіі і старанна, кожны тыдзень удзельнічаць у іх у вашых парафіях. Бог вас чакае і прагне напоўніць сваёй любоўю. На пачатку навучальнага года я жадаю ўсім вам шмат радасці ў пазнаванні Бога і пераадоленні розных жыццёвых цяжкасцяў.

Звяртаюся да вас, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы і свецкія катэхеты. Перадача веры і выхаванне ў ёй дзяцей належыць да найважнейшых заданняў Касцёла. Гэтае заданне вызначыў Езус Хрыстус, калі сказаў: “Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку” (Мц 28, 19–20). У імя Хрыстовага наказу прашу вас, каб у кожнай парафіі нашай дыяцэзіі праводзілася катэхізацыя дзяцей і моладзі аж да заканчэння іх навучання ў сярэдняй школе. Ніхто з тых, хто атрымаў кананічную місію навучання, не можа адчуваць сябе звольненым ад яе.

Да ахвярнай і самаадданай працы ў новым катэхетычным годзе нас пабуджае святкаванне і перажыванне 90-годдзя Пінскай дыяцэзіі. У яе гісторыю ўпісана шмат славутых імён, якія назаўсёды застануцца для нас прыкладам. Перадусім гэта першы Пінскі біскуп – Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі. Ён з сапраўдным пастырскім клопатам садзейнічаў развіццю катэхізацыі ў новастворанай Пінскай дыяцэзіі. Зыгмунт Лазінскі дасканала разумеў неабходнасць выхавання дзяцей і моладзі ў веры, тым больш, што сам быў выкладчыкам семінарыі і меў грунтоўны педагагічны досвед. Яркімі катэхетамі былі благаслаўлёны ксёндз Мечыслаў Багаткевіч і Слуга Божы ксёндз Аляксандр Зянкевіч. Абодва яны яшчэ да вайны прайшлі фармацыю ў духоўнай семінарыі ў Пінску. Ксёндз Мечыслаў быў прэфектам гімназіі ў Лунінцы, дзе выкладаў гісторыю Касцёла і цешыўся вялікім аўтарытэтам сярод маладых вернікаў. Ксёндз Аляксандр Зянкевіч у пасляваенныя гады праявіў сябе як таленавіты душпастыр студэнцкай моладзі ў Вроцлавае. Працай з дзецьмі займаліся благаслаўлёныя сёстры Марыя Стэлла ад Найсвяцейшага Сакрамэнту і М. Канізія, якія ў ліку 11 сясцёр назарэтанак з Навагрудку склалі сваё жыццё ў ахвяры падчас Другой сусветнай вайны. Нельга абмінуць увагай кардынала Казіміра Свёнтка, Сведку веры. Ён прымаў асабісты ўдзел у распрацоўцы катэхетычных праграм для розных катэгорый вернікаў. Пад яго чулым кіраўніцтвам у 1996 – 2000 гг. праходзіў Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій. Адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці Сіноду была справа катэхізацыі.

Дарагія святары! Арганізуйце сістэматычныя заняткі рэлігіі ў адпаведных памяшканнях. Наведвайце самыя аддаленыя катэхетычныя пункты. Пакажыце кожнаму дзіцяці любоў Хрыста і прыгажосць хрысціянскага жыцця. Дашліце ў курыю ў Пінск расклад катэхетычных заняткаў у вашых парафіях. Я шчыра малюся, каб катэхетычны год, які распачынаецца, прынёс багаты плён. Заклікаю ўсіх да малітвы ў гэтай інтэнцыі. Няхай катэхізацыя дапаможа ўсім больш свядома ўдзельнічаць у Божым жыцці і ў жыцці Касцёла. Няхай яна вядзе нас да святасці, умацоўваючы ў Духу Святым сувязь з Хрыстом у дарозе да Айца.

Усіх, хто пачынае ўзнёслую справу катэхізацыі, аддаю пад апеку Найсвяцейшай Панны Марыі, якая ёсць Сталіцай Мудрасці і Маці на шляхах веры, а таксама ад сэрца благаслаўляю: у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 12 жніўня 2015 г.

Гэты ліст трэба прачытаць альбо выкарыстаць яго думкі ў гаміліях на кожнай святой Імшы ў нядзелю 30 жніўня, а таксама размясціць яго на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў на ўвесь верасень.


 
© 2003-2024 Catholic.by