Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у Дні духоўных сустрэч для святароў у Літве | Друк |
Іерархі
17.11.2015 16:12

17 лiстапада Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у Дні духоўных сустрэч для святароў, які адбыўся ў парафіі Гіжай Вiлкавiшскага дэканату Вiлкавiшскай дыяцэзii ў Лiтве.

Дэканам гэтага дэканату з'яўляецца аднакурснiк Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча кс. прэлалт Вiтаўтас Густайцiс.

Падчас святой Імшы беларускі іерарх распавёў у гаміліі пра св. Альжбету Венгерскую, якую Касцёл успамiнае ў гэты дзень.

Арцыбіскуп падкрэслiў, што гэтая святая, як i Найсвяцейшая Панна Марыя, велічная сваёй адданасцю ў служэннi патрабуючым.

Таксама i кожны святар, паводле слоў Мітрапаліта, паклiканы да служэння ў абвяшчэннi Божага слова, цэлебрацыi сакрамэнтаў i будаваннi хрысцiянскай супольнасцi.

Іерарх узгадаў словы Папы Францiшка аб тым, што святар павiнен ведаць пах сваiх верных, гэта азначае – ведаць праблемы, якiя iх турбуюць i якiмi яны жывуць, каб iм дапамагаць. Пры гэтым Мітрапаліт нагадаў пра вялікае значэнне служэння святара, якi дзейнiчае ад Iмя i моцаю Хрыста, i заклiкаў святароў заставацца вернымi свайму паклiканню.  

Праз паслугу такіх святароў, па словах іерарха, людзi змогуць лепш пазнаваць Божае слова, атрымлiваць патрэбную для збаўлення Божую ласку i будаваць Касцёл як сакрамэнт паўсюднага збаўлення.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч таксама звярнуў увагу на чытанне Евангелля гэтага дня, якое распавядае аб тым, як мытнiк Закхей залез на дрэва, каб убачыць Езуса, а Езус яму сказаў, што хоча быць у яго доме.

«Езус наведаў дом мытнiка, якога ўсе лiчылi грэшнiкам. Што б мы сказалi, калi б Езус пастукаў у дзверы нашага дома i сказаў, што хоча нас наведаць? Ён сапраўды, дзякуючы паслузе святароў, стукае ў нашы дзверы i хоча нас наведаць, каб духоўна аздаравiць», – заўважыў арцыбіскуп у гаміліі.

Мітрапаліт заклiкаў прысутных вернiкаў малiцца аб паклiканнях да святарства i кансэкраванага жыцця, каб было дастаткова тых, якiя ад Iмя Езуса служаць людзям у справе iх збаўлення.

Пасля Iмшы іерарх распавёў святарам Вiлкавiшскага дэканату аб Сiнодзе Бiскупаў на тэму сям'i, які праходзіў у Ватыкане, пазнаёмiў iх з жыццём Касцёла ў Беларусi i адказаў на пытаннi.

(MV)


 
© 2003-2025 Catholic.by