Гродзенскі ардынарый: «На маё пакліканне паўплывалі ксяндзы, якіх я сустрэў у маладосці» | Друк |
Іерархі
07.12.2015 12:12

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у інтэрв’ю каталіцкай газеце Гродзенскай дыяцэзіі «Слова жыцця», разважаючы на тэму пакліканняў да святарскага жыцця і працы семінарый, прыгадаў гісторыю свайго паклікання.

«Маё пакліканне выспявала паступова з ранняга дзяцінства. Магу сказаць, што, колькі сябе памятаю, я прагнуў быць ксяндзом. З вялікай удзячнасцю думаю пра бацькоў, родных, пра цудоўную атмасферу роднага дома, прасякнутую духам малітвы, традыцыі, простай і адначасова глыбокай і сапраўднай пабожнасцю.

Я заўсёды ахвотна хадзіў у касцёл, з захапленнем удзельнічаў у набажэнствах, любіў асабістую малітву. У значнай ступені я абавязаны сваім пакліканнем таксама ксяндзам, якія служылі ў маёй роднай парафіі. Звычайна бывае так, што малады чалавек шукае аўтарытэтаў, яму неабходны асабовыя прыклады, жыццёвыя арыенціры».



Іерарх прыгадаў кнігу аўтарства Папы Яна Паўла ІІ на тэму паклікання. «Святы Айцец Ян Павел ІІ назваў свае ўспаміны і разважанні на тэму паклікання вельмі красамоўна “Дар і таямніца”.

Гэтая назва паказвае, што пакліканне з’яўляецца ў пэўным сэнсе таямніцай нават для самога пакліканага. Гэтую таямніцу паклікання мы адкрываем на працягу ўсяго свайго жыцця: думаем пра яе, разважаем, а яна ўсё роўна застаецца для нас таямніцай».

«Ксяндзы, якіх я сустрэў у маладосці, змаглі зрабіць на мяне ўражанне (у добрым і глыбокім значэнні гэтых слоў) сваёй культурай, эрудыцыяй, стылем жыцця, што без сумненняў паўплывала на фарміраванне майго паклікання.

Спачатку гэта былі, канешне, толькі дзіцячыя мары, потым яны станавіліся ўсё больш свядомымі, сталымі і з часам ператварыліся ў рашучую пастанову пайсці ў семінарыю», — заключыў біскуп.

(IL)



 
© 2003-2025 Catholic.by