Зварот старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў сувязі з сустрэчай Папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла | Друк |
Іерархі
05.02.2016 16:58

Каб усе былі адно!
Божа, благаславі сустрэчу Папы Францішка і Патрыярха Кірыла!


Нарэшце! Так і хочацца ўсклікнуць: «Дзякуй Богу, які бязмежны ў сваёй міласэрнасці!»

Маланкай абляцела свет адначасовае паведамленне Ватыкана і Маскоўскага Патрыярхату аб сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Кірыла.

Столькі часу свет чакаў сустрэчы Рымскага Папы і Маскоўскага Патрыярха. І вось Бог адорвае нас дарам ласкі іх сустрэчы, якая адбудзецца 12 лютага гг. у будынку Міжнароднага аэрапорта ў Гаване.

Месцам сустрэчы Бог абраў Кубу, краіну, дзе яшчэ не так даўно рэлігія жорстка пераследавалася, але адначасова і краіну, якую ўжо наведалі святы Ян Павел II, Бэнэдыкт XVI і Францішак. Наведаў яе і Патрыярх Маскоўскі ў сваю бытнасць яшчэ Старшынёй Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату.

Сустрэча адбудзецца ў Новым Свеце, які не датычны да балючых падзелаў хрысціянства, што дагэтуль з’яўляюцца незалечанай і крывацечнай ранай на адзіным Містычным Целе Хрыста. Менавіта таму Гавана — адпаведная нейтральная пляцоўка для такой важнай і вельмі патрэбнай сустрэчы.

Сучасны свет развіваецца імкліва. Кожны дзень прыносіць усё новыя і новыя выклікі, у тым ліку і маральнага характару. На іх неабходна як мага хутчэй адказваць, бо заўтра можа быць занадта позна. Трэба адказваць супольна, каб адказ быў мацнейшым і пацвярджаў адзінства. Падчас сустрэчы сусветных хрысціянскіх лідараў будуць абмеркаваны пытанні ганенняў хрысціян, двухбаковых адносін і міжнароднай палітыкі. Па выніках сустрэчы будзе падпісана супольная дэкларацыя. Сам факт сустрэчы неабходна ацаніць як веху ў адносінах Каталіцкага Касцёла і Маскоўскага Патрыярхату.

Упэўнены, што доўгачаканая сустрэча стане новым крокам да ажыццяўлення закліку Хрыста да адзінства хрысціян і надасць яму новы дынамізм. Яна таксама будзе спрыяць сумеснаму абвяшчэнню Евангелля, абароне хрысціянскіх каштоўнасцяў і будаванню цывілізацыі жыцця, любові і міру. Яна адкрые новую старонку ў адносінах паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой і пакажа свету, што мара святога Яна Паўла II аб тым, каб хрысціянства дыхала двума лёгкімі — Заходнім і Усходнім — ажыццяўляецца.

Сімвалічна, што сустрэча двух лідараў сусветнага хрысціянства адбудзецца ў Юбілейны Год Божай Міласэрнасці і адразу пасля свята Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда, якое Касцёл адзначае 11 лютага як Сусветны дзень хворых. Сучасны свет хворы, найперш духоўным недамаганнем, і яго неабходна лячыць сумеснымі высілкамі хрысціян розных веравызнанняў, асабліва католікаў і праваслаўных, погляды якіх на маральныя праблемы сучаснасці вельмі блізкія.

Прадстаўніцтвам Маці Божай Люрдскай заклікаю ўсіх вернікаў маліцца ў інтэнцыі сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Кірыла, каб Бог яе благаславіў і каб яна сапраўды прынесла добрыя плёны.

 
© 2003-2024 Catholic.by