Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пра падрыхтоўку семінарыстаў: «Мы рыхтуемся да зменаў» | Друк |
Іерархі
11.02.2016 16:57

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у інтэрв’ю інтэрнэт-сайту «Каталіцкі веснік» распавёў пра змены, якія плануецца ўвесці ў падрыхтоўцы навучэнцаў беларускіх семінарый.

Паводле слоў іерарха, ужо ў наступным навучальным годзе плануецца ўвядзенне прапедэўтычнага года.

Таксама, як адзначыў арцыпастыр, чакаецца, што такія дысцыпліны, як філасофія і тэалогія, будуць выкладацца ў розных семінарыях Беларусі.

«Мы рыхтуемся да зменаў. З восені плануецца ўвесці прапедэўтычны год навучання. Так ёсць ва ўсім свеце».

Такім чынам, тэрмін навучання ў семінарыі з увядзеннем прапедэўтычнага года будзе складаць сем гадоў.

Прыводзячы прыклад Літвы, арцыбіскуп распавёў, што там, нягледзячы на тры духоўныя семінарыі ў краіне, кандыдаты ў духоўную семінарыю праходзяць прапедэўтычны курс у Вільнюскай духоўнай семінарыі.

«Таксама плануецца, што беларускія семінарысты будуць вывучаць філасофію ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, а тэалогію — у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Але да ўсяго гэтага неабходна адпаведным чынам падрыхтавацца, — адзначыў іерарх. — Неабходна падрыхтаваць праграму і знайсці адпаведных выкладчыкаў».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч дадаў, што на сёння існуе недахоп высокакваліфікаваных кадраў:

«У Беларусі ўсё яшчэ існуе праблема высокакваліфікаваных выкладчыкаў і выхавацеляў. Працэсы глабалізацыі адбываюцца і ў Касцёле. Прысутнасць замежных святароў ва ўсім свеце лічыцца ўзбагачэннем Касцёла. Так, як і ў эканоміцы, у Касцёле павінны быць розныя сувязі».

Закранаючы тэму пакліканняў, Мітрапаліт зазначыў, што 19 семінарыстаў з Беларусі, якія прыйшлі ў дыяцэзіяльныя і манаскія семінарыі ў мінулым годзе, на паўтара мільёна католікаў у Беларусі — добры еўрапейскі рэйтынг.

(IL)

 
© 2003-2025 Catholic.by