Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Iмшу ў касцёле св. Аляксандра ў Кiеве і наведаў некаторыя святыні | Друк |
Іерархі
07.03.2016 11:52

6 сакавіка ў межах вiзiту ва Украiну Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў галоўную святую Iмшу ў касцёле св. Аляксандра ў Кiеве.

Святыня была напоўнена вернікамі. Iмша была на ўкраiнскай мове, а гамiлiю беларускi iерарх паводле рэкамэндацыi ардынарыя Кiеўска-Жытомiрскай дыяцэзii арцыбiскупа Пятра Мальчука прамовiў на рускай мове. Між іншым, сёння ў Кiеве дзейнічае восем каталіцкіх парафiй, i ў кожнай з iх ёсць Iмша на рускай мове; у касцёле св. Аляксандра ў нядзелю Iмша цэлебруецца тры разы на ўкраiнскай мове, два – на польскай, адзін – на англійскай i адзін – на рускай. У цэлым жа ў нядзелю ў Кiеве цэлебруецца каля 30 Iмшаў.

У гамiлii Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на прыкладзе прыпавесці пра марнатраўнага сына разважаў пра бязмежную Божую мiласэрнасць. Беларускi iерарх параўнаў прыпавесці пра згубленую драхму, якую шукала жанчына, i, калi знайшла, радавалася; пра згубленую авечку, якую знаходзiць пастыр i радуецца; i пра марнатраўнага сына, якi таксама заблудзiў у жыццi, прапаў, але знайшоўся, i яго бацька радаваўся гэтаму.

На першы погляд, адзначыў арцыпастыр, усё здаецца аднолькавым – згубіліся i драхма, i авечка, i малодшы сын, – але на самой справе тут ёсць сутнасная рознiца. «Драхма не вiнавата, што згубiлася, як не вiнавата i авечка. Але малодшы сын, які згубіўся, сам вiнаваты, бо ён меў свабодную волю, што выбраць, і выбраў зло, – патлумачыў Мітрапаліт. – Аднак ён знайшоў у сабе мужнасць сказаць: устану i пайду ў дом майго айца».

«I бацька прымае яго з радасцю, даруе яму яго правiны. Гэта азначае, што Бог мiласэрны i заўсёды чакае вяртання сваiх дзяцей», – адзначыў іерарх.

Арцыбіскуп заклiкаў украiнскiх вернiкаў браць прыклад з марнатраўнага сына i ў сакрамэнце пакаяння вяртацца да Бога, як мiласэрнага Айца.

Пасля Iмшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў шэдэўр сакральнай архiтэктуры – касцёл св. Мiкалая. У iм усё яшчэ знаходзiцца канцэртная зала, хаця ў некаторых памяшканнях штодзённа цэлебруецца святая Iмша.

Потым арцыпастыр наведаў грэка-каталiцкi сабор Уваскрасення Хрыста, у якiм ужо праводзяцца набажэнствы, але будаўніцтва якога яшчэ не завершана.

На гэтым вiзiт беларускага iерарха ва Украiну завяршыўся.

(DN), (AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by