Велікапосныя рэкалекцыі ў гродзенскай катэдры правёў біскуп Юрый Касабуцкі | Друк |
Іерархі
23.03.2016 21:15

21-23 сакавіка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне прайшлі велікапосныя рэкалекцыі. Сёлета іх праводзіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

У рэкалекцыях прынялі ўдзел вельмі шмат вернікаў катэдральнай парафіі і жыхары горада Гродна.

У Юбілейны Год Міласэрнасці біскуп Юрый Касабуцкі ў рэкалекцыйных навуках імкнуўся нагадаць праўду аб Богу, багатым міласэрнасцю і ласкай. Іерарх заахвоціў прысутных разумець Бога як Міласэрнага Айца, які заўсёды чакае чалавека і не жадае смерці грэшніка, але хоча, каб ён навярнуўся і меў жыццё.

Рэкалекцыяніст нагадаў, што Пан жадае ад чалавека толькі аднаго: быць верным Божым запаведзям, і гэта адзіны шлях да шчасця.

Падчас рэкалекцый біскуп прамовіў спецыяльную навуку для моладзі, для жанчын і для мужчын. Вернікі мелі магчымасць задаць рэкалекцыяністу пытанні.

Велікапосныя рэкалекцыі рыхтавалі людзей да Пасхальнага Трыдууму і да таго, каб у велікодны ранак з чыстым сэрцам праспяваць “Аллелюя!”.

Кс. Юрый Марціновіч,
фота кс. Валерыя Спірыдона
 
© 2003-2024 Catholic.by