Беларускія іерархі прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях юбілею семінарыі ў Каўнасе | Друк |
Іерархі
25.04.2016 16:13

23 красавiка Вышэйшая духоўная семiнарыя ў Каўнасе (Літва) адзначыла юбiлей 150-годдзя. У юбілейных урачыстасцях прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, якія з’яўляюцца выпускнікамі гэтай семінарыі.

Iмша падзякi адбылася ў касцёле св. Юрыя, якi знаходзiцца побач з семiнарыяй i ў якiм сёння працуюць айцы бернардынцы. Менавiта ў гэтым касцёле 150 гадоў таму адбылося адкрыццё каўнаскай семiнарыi. У савецкiя часы ў iм знаходзiўся склад медыцынскай апаратуры. Зараз адбываецца рамонт касцёла.

150 гадоў таму ўказам цара была закрыта духоўная семiнарыя ў г. Варняй на Жмудзі, таму яна была перанесена ў Каўнас.

Святую Iмшу ўзначалiў Мiтрапалiт Каўнаскі арцыбіскуп Лёнгiнас Вiрбалас. Канцэлебравалi Эўхарыстыю 12 бiскупаў, у тым ліку Апостальскi Нунцый у Лiтве арцыбіскуп Пэдро Лопес Кiнтана, Апостальскi адмiнiстратар з Эстонii біскуп Філіп Джордан, а таксама выпускнiкi семiнарыi Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Аляксандр Кашкевiч i ардынарый дыяцэзii ў Навасiбiрску біскуп Юзаф Верт.

У гамiлii арцыбіскуп Лёнгінас Вiрбалас, выказваючы радасць з нагоды юбiлею, падкрэслiў неўміручае значэнне семiнарыi ў фармацыi новых святароў, якiя павiнны быць здольнымi адказваць на выклiкi сучаснасцi.

Пасля Iмшы свае пажаданнi выказалі Апостальскi Нунцый у Літве, праваслаўны архіепіскап Вільнюскі і Літоўскі Iнакенцiй i прадстаўнiк епіскапа Евангелічнай Лютэранскай Царквы Лiтвы.

Потым у актавай зале семiнарыi адбыўся адмысловы канцэрт семiнарыстаў, якiя прадставiлi складаную гiсторыю гэтай навучальнай установы. Са сваiмi віншаваннямi выступiла старшыня Сейма Літоўскай Рэспублікі Ларэта Граўжынене. Віншаваннi даслалi Прэзідэнт i Прэм’ер-міністр Лiтвы. Таксама з вiншаваннямi выступiлi мэр Каўнаса i рэктар Каўнаскага ўнiверсітэта.

Для беларускiх iерархаў юбiлей стаў добрай нагодай сустрэць сваiх аднакурснiкаў i сяброў – святароў i бiскупаў, а таксама падзякаваць Богу за магчымасць атрымаць святарскую фармацыю ў цяжкiя часы ганенняў на Касцёл, калi ў Беларусi не было сваёй семiнарыi.

(DN), (AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by