Мітрапаліт Кандрусевіч: «У Беларусі Еўропа дыхае двума духоўнымі лёгкімі — усходняга і заходняга хрысціянства» | Друк |
Іерархі
29.09.2016 21:56

«Спадзяюся, што гэта выстаўка будзе спрыяць далейшаму развіццю адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, а таксама кансалідацыі беларускага народа».

Такую думку выказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас адкрыцця выстаўкі каталіцкіх і праваслаўных ікон «Свет нябесны на зямлі», якая адбылася 29 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Асаблівасць выстаўкі ў тым, што ў яе склад увайшла большая частка ікон, якія экспанаваліся ў музеях Ватыкана з 18 мая па 25 ліпеня 2016 г.

У экспазіцыі дэманструюцца праваслаўныя, каталіцкія, уніяцкія іконы і алтарныя карціны, мастацкае ткацтва і прадметы літургіі. Міжнародны выставачны праект стаў буйнейшай падзеяй у гісторыі беларускай культуры.

Як адзначыў у сваім прывітальным слове арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, сам факт адкрыцця міжканфесійнай выстаўкі ў Ватыканскіх музеях сведчыць пра наяўнасць добрых і канструктыўных адносін як паміж нашай краінай і Апостальскай Сталіцай, так і паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.

«Гэта сведчыць аб тым, што ў Беларусі Еўропа дыхае двума духоўнымі лёгкімі — усходняга і заходняга хрысціянства», — падкрэсліў іерарх.

Арцыпастыр дадаў, што гістарычнае суіснаванне на беларускай зямлі заходняга і ўсходняга хрысціянства вызначала асаблівасці нашага народа і развіцця яго культуры:

«Гэта адбілася і ў беларускім іканапісе, дзе дзве хрысціянскія традыцыі ўзаемадапаўнялі адна адну і такім чынам узаемна ўзбагачаліся».

Каталіцкі іерарх нагадаў, што ў беларускім грамадстве існуе вялікая пашана да абраза, а менавіта да абраза Божай Маці, прывёўшы ў прыклад фэст у Будславе, у якім штогод прымаюць удзел не толькі католікі, але і праваслаўныя вернікі.
Мітрапаліт назваў ікону «акном у веру», дадаўшы, што яна «дапамагае перажываць і паглыбляць веру, робячы яе такім чынам жывой».


«Гэтая выстаўка сведчыць таксама пра тое, што музей — не статычная гісторыя, а само жыццё, — адзначыў арцыбіскуп. — Музей імкнецца паказаць сваё багацце і падзяліцца ім з іншымі. І праз гэта ён прымае актыўны ўдзел у новай евангелізацыі, якая з’яўляецца галоўным заданнем Касцёла ў час аслаблення веры».

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказаў спадзяванне, што выстаўка будзе спрыяць далейшаму развіццю адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, а таксама кансалідацыі беларускага народа.
«Адначасова спадзяюся, што пашыраны працяг выстаўкі, якая экспанавалася ў Ватыканскіх музеях, стане новым крокам да больш цесных адносін Беларусі і Апостальскай Сталіцы і паслужыць далейшаму развіццю адносін паміж нашай краінай і міжнароднай супольнасцю», — сказаў арцыпастыр.



«Як Пётр І “прарубіў акно ў Еўропу”, так і гэтая выстаўка “прарубіла акно ў Еўропу сакральнага мастацтва», — дадаў у размове з Catholic.by каталіцкі іерарх.

Ілья Лапато, фота аўтара

 
© 2003-2024 Catholic.by