Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах | Друк |
Іерархі
12.06.2017 12:30

Дарагія дыяцэзіяне!

Пінская дыяцэзія ў чэрвені 2017 г. перажывае важныя падзеі. Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр 10 чэрвеня ўдзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне нашаму дыякану ксяндзу Антону Анціпенку.

Кожнае прэзбітэрскае пасвячэнне –— гэта радасць для Касцёла ад таго, што новыя пакліканыя Богам працаўнікі выходзяць на ніву Пана. Наша дыяцэзія вельмі працяглая, ахоплівае дзве вобласці і мае больш за тры з паловай мільёны жыхароў. Можа здавацца, што адно прэзбітэрскае пасвячэнне — вельмі мала для такіх вялікіх тэрыторый і патрэбаў. Але калі ўзгадаем, як у дзень Спаслання Святога Духа Касцёл распачаў сваю місію дзякуючы служэнню толькі 12 апосталаў і іх вучняў, тады зразумеем, што нават невялікая колькасць адданых апосталаў можа прынесці вялікі плён Божы.

У нашыя часы, як і дзве тысячы гадоў таму, не губляюць сваёй актуальнасці словы Езуса Хрыста: «Ідзіце па ўсяму свету і абвяшчайце Евангелле...» (пар Мк 16, 15). Верныя гэтаму закліку ў мінулыя стагоддзі да нашых земляў дайшлі руплівыя місіянеры, сярод якіх і шматлікія святыя Касцёла, як, напрыклад, св. Андрэй Баболя.

Сёння таксама гучыць заклік Пана Езуса аб новых пакліканнях да святарскага, манаскага і місійнага служэння. Чарговае прэзбітэрскае пасвячэнне ў нашай дыяцэзіі няхай стане новым зачынам для адкрыцця дару і таямніцы святарства шматлікімі маладымі сэрцамі юнакоў, якія пакінуць свае дамы, заняткі і працу, каб прысвяціць сябе служэнню Богу.

Яскравым знакам вялікай гісторыі Касцёла і яго евангельскай місіі на нашых землях з’яўляецца парафіяльны касцёл у Ружанах, якому сёлета спаўняецца 400 гадоў з дня асвячэння. З гэтай нагоды 17 чэрвеня ў 12.00 ў Ружанах пройдуць памятныя ўрачыстасці, да ўдзелу ў якіх сардэчна ўсіх заахвочваю.

Узгадаем некаторыя факты з гісторыі парафіі і святыні ў Ружанах. Архіўныя дакументы расказваюць, што ружанскі касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы быў пабудаваны ў 1617 г. ў позднім рэнесансным стылі дзякуючы намаганням князя Льва Сапегі. У 1779 г. святыня была перабудаваная ў стылі ранняга класіцызму паводле праекта архітэктара Яна Самуэля Бэкера. Пазней касцёл рэстаўраваўся ў 1850 і 1891 г.

Варта адзначыць, што святыня на працягу вякоў няспынна выконвала і выконвае сваё духоўнае прызначэнне. У другой палове XVIII стагоддзя да касцёла былі дабудаваныя дзве капліцы: Святога Крыжа (1768 г.) і Святой Барбары (1787 г.).

У багатым унутраным убранстве святыні пераплятаюцца рысы барока, ракако і ранняга класіцызму. Галоўны алтар касцёла выкананы з адмысловага мармуру, звенчаны паўкруглым франтонам з выявай анёлаў і гербам роду Сапегаў. Скляпенні і сцены капліц аздоблены паліхроміяй з XVIII ст. з евангельскімі матывамі. Іншыя каштоўныя элементы святыні — гэта абразы XVIII-XIX стст., велічная каваная балюстрада перад прэзбітэрыем, багата аздобленыя арганы і амбона, а таксама алтары ранняга класіцызму ў капліцах і разбярская эпіфанія Баляслава Біспінга з 1789 г.

Мястэчка Ружаны акрамя велічнай каталіцкай святыні мае вядомы палацавы комплекс былой рэзідэнцыі князёў Сапегаў. На пачатку XVII ст. на ўзгорку, які ўзвышаецца над мястэчкам, быў узведзены замак дзякуючы старанням князя Льва Сапегі, канцлера Вялікага княства Літоўскага.
У 1617 г. у гэтым замку сын князя Льва — Казімір — гасціў караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава разам з яго жонкай Цэцыліяй. Падчас вайны ў 1655 г. У ружанскім палацы і касцёле захоўвалася труна з рэліквіямі св. Казіміра, якую сюды перавезлі з віленскай катэдры, ратуючы яе ад нападнікаў. Велічны палацавы комплекс быў разбураны ў 1698 г. падчас грамадзянскай вайны. Аднаўленнем палаца ў 1784-1788 заняўся канцлер ВКЛ князь Аляксандр Сапега. Адбудаваны палац служыў развіццю духоўнасці і культуры. Аднак у 1793 г. сын Аляксандра, князь Францішак Сапега, перанёс сядзібу ў Дзярэчын. Пасля гэтага пачаўся павольны заняпад прыгожага комплекса ў Ружанах. У 1944 г. палац быў разбураны. І толькі ў 2000-ых гадах аднавіліся працы па яго рэстаўрацыі і адбудове.
Каталіцкая парафія ў Ружанах заставалася без пробашча толькі кароткі час у сярэдзіне XX ст. У 1945 г. мясцовы святар павінен быў выехаць у сувязі з жорсткім атэістычным пераследам. Душпастырскай апекай тутэйшых вернікаў займаўся кс. Ізідор Борыс з в. Косава. У 1956 г. у Ружанах зноў з’явіўся свой пробашч — ксёндз Міхал Варанецкі СМ. Гэты святар пасля вяртання з ГУЛАГу спачатку апекаваўся парафіяй у Ружанах, аднак, пасля смерці кс. Ізідора Борыса, колькасць парафій, у якіх яму неабходна было несці святарскую паслугу, вырасла да 12-ці.

У сувязі з адсутнасцю святароў, якія былі або забітыя, або рэпрэсаваныя, ксяндзу Міхалу прыйшлося апекавацца парафіямі ад Белавежскай пушчы аж да Слоніма ў адлегласцях больш за 100 км. Пад апекай ксяндза Варанецкага, руплівага пробашча з Ружанаў, знаходзіліся парафіі цэлага рэгіёна на памежжы сучаснай Пінскай і Гродзенскай дыяцэзій.

Ён даязджаў з душпастырскай паслугай да вернікаў у Шарашова, Поразава, Косава, Слонім і шматлікія іншыя мясцовасці. У найбольш цяжкія часы атэістычных пераследаў святыня ў Ружанах і яе ахвярны пробашч сталі асаблівым аазісам веры для цэлых пакаленняў вернікаў з вялікага рэгіёна Беларусі, бо тут яны маглі прыступіць да святых сакрамэнтаў, падтрымліваць жывы кантакт з душпастырам.

У 1990 г., калі мінулі часы агрэсіўнай атэізацыі і з’явілася магчымасць свабоднага вызнавання веры, святыня ў Ружанах адкрыла новую старонку ў гісторыі нашага лакальнага Касцёла.

Ксёндз Міхал Варанецкі СМ быў запрошаны ў новаадноўленую Духоўную семінарыю ў Гродна як духоўны айцец, выхаваўца новых пакаленняў святароў. На гэтай пасадзе ён праслужыў да сваёй смерці ў 1998 г. А ружанская парафія і святыня дачакалася новых святароў з Кангрэгацыі місіянераў св. Вінцэнта дэ Поля, якія рупліва працягнулі зададзены іх сабратам, кс. Варанецкім, рытм духоўнага жыцця Касцёла ў цэлым рэгіёне адроджанага Пружанскага дэканату Пінскай дыяцэзіі.

Сёння мы дзякуем Пану Богу за тых, хто пакінуў нам багатую і велічную спадчыну веры, выражаную ў манументальных святынях і біяграфіях вялікіх пастыраў нашай зямлі. Няхай перажыванне радасці з пасвячэння новых святароў, якія выходзяць са сцен адроджанай Пінскай духоўнай семінарыі, а таксама святкаванне 400-годдзя ружанскай святыні стане для усёй нашай дыяцэзіі нагодай зазірнуць у вялікую скарбніцу багатай мінуўшчыны нашага партыкулярнага Касцёла, яго пастыраў — біскупаў і святароў.

Няхай перажыванне гэтых радасных падзей стане для нас заклікам і заданнем, каб па прыкладзе нашых продкаў захаваць скарб каталіцкай веры і годна перадаць яго наступным пакаленням.

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка
біскуп Пінскі
                              
Пінск, 10.06.2017 г.

Шаноўныя святары абвесцяць гэты камунікат вернікам у нядзелю 11 чэрвеня 2017 г. падчас кожнай св. Імшы і размесцяць яго тэкст на прыкасцёльнай дошцы аб’яў да канца месяца. 

 
© 2003-2024 Catholic.by