Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB | Друк |
Іерархі
24.06.2017 20:47

24 чэрвеня ў кіеўскай конкатэдры св. Аляксандра прайшло біскупскае пасвячэнне кс. Віталія Крывіцкага SDB.

Ва ўрачыстай св. Імшы прыняла ўдзел і беларуская дэлегацыя святароў на чале з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам і дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандрам Яшэўскім SDB.

Варта адзначыць, што новы біскуп стаў чацвёртым іерархам пасля біскупаў Алега Буткевіча, Юрыя Касабуцкага і Юзафа Станеўскага, які ў свой час вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Як адзначыў у размове з Catholic.by Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, яшчэ адзін украінскі біскуп — дапаможны біскуп Львоўскай дыяцэзіі а. Эдвард Кава OFMconv, які атрымаў біскупскае пасвячэнне 21 чэрвеня 2017 г., — вучыўся ў семінарыі ў Санкт-Пецярбургу, якая, як і гродзенская, была заснавана Мітрапалітам Кандрусевічам.

Беларускі іерарх прызнаўся, што вельмі ўсцешаны тым фактам, што ўжо пяць святароў выйшла са сцен семінарый, да стварэння якіх ён меў дачыненне. Як высветлілася, біскуп Кава і сваё прэзбітэрскае пасвячэнне прымаў з рук арцыбіскупа Кандрусевіча.

(cath)Фота rkc.in.ua

 
© 2003-2024 Catholic.by