Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў» | Друк |
Іерархі
01.07.2017 10:47

Школай вернасці Хрысту назваў марыйную пабожнасць біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. 1 ліпеня іерарх узначаліў ранішнюю св. Імшу з новапрэзбітэрамі на палявым алтары перад святыняй.

У сваёй гаміліі біскуп падкрэсліў ролю Марыі ў гісторыі хрысціянства. «Марыя стала дарогай, праз якую на свет прыйшоў Езус Хрыстус, — адзначыў іерарх. — Марыя з’яўляецца не толькі дарогай ад Хрыста да нас, але і нашай дарогай да Хрыста».

Іерарх перасцярог вернікаў ад стаўлення да Маці Божай як да паважанай спадарыні «для вырашэння штодзённых інтарэсаў».

«Часта людзі звяртаюцца да Марыі толькі са словамі “дай, учыні, выслухай”: дай грошай, здароў’я, поспеху, дай добрага мужа, дапамажы здаць экзамен, выйграць у латарэі... А колькі разоў мы маліліся, каб аддаць Панне Марыі пашану і хвалу?», — зазначыў ардынарый Пінскі.

Біскуп Антоні Дзям’янка заўважыў, што зло крыецца ў тым, што з марыйнага культу людзі хочаць зрабіць краму, дзе «замест малітвы да Божай Маці ідуць толькі просьбы — аб здароўі, грашах, поспеху і г.д.»

Засцерагаючы вернікаў ад сітуацыі, якую святы Людвік Грын’ён дэ Монфорт калісьці акрэсліў як авантурную, біскуп заўважыў, што часам авантурысты вядуць грэшнае жыццё, апраўдваючыся, што Марыя не дазволіць у выніку загінуць.

«Рызыкантам з’яўляецца і той, хто нават часта моліцца да Яе, удзельнічае ў Марыйных набажэнствах, але адначасова знаходзіцца ў цяжкіх грахах і кепскіх схільнасцях і нават яму на думку не прыходзіць распачаць новае жыццё!», — абурыўся біскуп.

«У жыцці трэба аб штосьці абаперціся. Мы павінны мець трывалыя каштоўнасці, на якіх будзем будаваць сваё жыццё і тады не страцім яго сэнсу», — заключыў іерарх.

(cath/il)

 
© 2003-2024 Catholic.by