У Вішневе асвечана крыніца, якая мае амаль шасцівекавую гісторыю | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
04.10.2009 18:24

3 кастрычніка 2009 г. у Вішневе недалёка ад касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі была асвечана крыніца, якая мае амаль 600-гадовую і надзвычайную гісторыю. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, святары архідыяцэзіі, прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, мясцовай і раённай улады.

Гэта падзея сабрала ў Вішневе шматлікіх вернікаў з розных парафій. Асвячэнне крыніцы адбылося пасля літургіі, якую ўзначаліў Мітрапаліт Кандрусевіч. Затым арцыпастыр, прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы і ўлады на знак успаміну аб цудоўным з’яўленні крыніцы пасадзілі вішнёвыя дрэвы.

Мітрапаліт падкрэсліў у сваёй гаміліі: «Існуе гісторыя пра аб’яўленне Божай Маці ў Вішневе, калі Марыя з’явілася на вішні. Адсюль і назва вёскі. Вішнева ўжо не адно стагоддзе славіцца і сваёй крыніцай. Яе вада лічыцца цудоўнай, якая дапамагае ў лячэнні хваробаў вачэй і рэўматызму. Падчас пераследу веры, крынічка была засыпана. Гэта вельмі сімвалічна — крыніца з’яўляецца знакам жыцця. У тыя часы былі і такія людзі, якія не хацелі, каб яна нагадвала чалавеку аб духоўным жыцці, таму было зроблена ўсё, каб паказаць, што крыніца высахла і яе ўжо няма. Так было і з верай у нашай краіне. Гаварылі, што са смерцю апошняга святара вера загіне і высахне. Так гаварылі і так думалі. Але Бог зрабіў інакш. Сёння крыніца расчышчана і адноўлена. Да яе ізноў ідуць людзі, бо вераць у дапамогу і заступніцтва Марыі».

Плануецца, што першая субота кастрычніка — месяца ружанцовай малітвы — стане своеасаблівым парафіяльным святам, калі будзе ўзгадвацца і дзень асвячэння крыніцы, якая стала прадвеснікам з’яўлення ў гэтых мясцінах дому Божага.

На працягу наступнага года побач з крыніцай будзе пабудавана купель.

У канцы XIV ст. у гэтай вёсцы адбылося аб’яўленне Маці Божай. Адзін чалавек маліўся недалёка ад вішні і раптам убачыў, што з дрэва на яго глядзіць Панна Марыя. Яна сказала, што на гэтым месцы павінен быць пабудаваны дом Божы. Праз нейкі час тут з’явілася і крыніца. У 1424 г. быў пабудаваны першы драўляны храм. Паводле гістарычных звестак, драўляная святыня згарэла і пазней на яе месцы была пабудавана новая. Як сведчаць мясцовыя жыхары, вада з гэтай крынічкі з’яўляецца жыватворнай і злагоджвае боль пры хваробе.

 
© 2003-2022 Catholic.by