Адпуст у мінскай парафіі Святога Францішка Асізскага | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.10.2009 14:38
4 кастрычніка 2009 г. у мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (Св. Роха) на Залатой Горцы ва ўручскай парафіі Святога Францішка Асізскага адбылася адпустовая святая Імша.

Набажэнствы для парафіянаў з Уручча, па прычыне адсутнасці ўласнай святыні, праводзяцца ў касцёле св. Роха. Сімвалічна, што адміністратарам парафіі з’яўляецца а. Алег Шэнда OFMCap з Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў. Гэты ордэн заснаваны ў 1525 г., і яго члены з’яўляюцца паслядоўнікамі св. Францішка з Асізі.

Урачыстую літургію ўзначаліў Віцэправінцыял Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў на Беларусі а. Андрэй Жылевіч OFMCap. У гаміліі цэлебрант закрануў тэмы, актуальныя для сённяшняй Беларусі: фармальнае стаўленне некаторых людзей да веры, няправільную іерархію каштоўнасцяў і інш. Айцец Жылевіч звярнуўся і да надзённай праблемы многіх парафій Мінска — праблемы адбудовы жывога Касцёла. Менавіта гэту місію некалі даручыў св. Францішку Пан Бог.

Дзмітрый Галіноўскі

 
© 2003-2024 Catholic.by