Мінск: канферэнцыя «Евангелізацыя ў сучасных абставінах секулярызму» | | Друк | |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
07.11.2009 16:29 |
Падчас урачыстага адкрыцця канферэнцыі з прывітальным словам да прысутных звярнуўся Мітрапаліт Кандрусевіч, у якім арцыпастыр выказаў надзею, што дадзенае мерапрыемства «дапаможа праз прызму Евангелля паглядзець на існуючыя праблемы, каб знайсці дзейсныя лекі ад засілля секулярызму і ад імкнення да абсалютнай свабоды, з якой вынікае ўсёдазволенасць, каб наша вера заставалася непахіснай і каб мы былі яе мужнымі сведкамі, каб людзі ў сваім жыцці кіраваліся не прывабнасцю зменлівага свету, а вечнымі і нязменнымі праўдамі хрысціянскай веры». Поўны тэкст прывітальнага слова Мітрапаліта >>> Напачатку канферэнцыі выступіла заснавальніца руху «Маці ў малітве» Вероніка Уільямс (Англія), якая расказала пра асаблівасці руху, што стаў ужо міжнародным, і заклікала да распаўсюджвання яго ў Беларусі. Як падкрэсліла Вероніка Уільямс, калі маці збіраюцца на супольную малітву, цалкам давяраюць сваіх дзяцей Богу, Найвышэйшы чыніць цуды. Госця з Англіі падзялілася вопытам служэння руху і адзначыла, што ў іх таксама заснаваны рух «Бацькі ў малітве». З першым дакладам на тэму «Стан рэлігійнай адукацыі ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі» выступіў кс. Аляксандр Яшэўскі SDB. Як падкрэсліў дакладчык, Каталіцкі Касцёл імкнецца не толькі навучаць, але і выхоўваць, удасканальваючы духоўнае і маральнае жыццё чалавека: «Школа дае веды, а рэлігійнае навучанне — сапраўдную мудрасць». Найперш, гэта здзяйсняецца праз катэхізацыю, якая, аднак, павінна быць сістэматычнай і ў непарыўнай сувязі з сакрамэнтамі. Катэхізацыя, па словах выступоўцы, павінна ахопліваць усе ўзроставыя катэгорыі — дзеці, падлеткі, моладзь, дарослыя, людзі старэйшага ўзросту. Аднак кожны з вышэйпералічаных, пазнаючы Бога на занятках рэлігіі, патрабуе не аратара, але сведкі. Таму Каталіцкі Касцёл у Беларусі надае вялікую ўвагу не толькі адукацыі катэхетаў, але і іх духоўнай фармацыі. З гэтай мэтай прадугледжваюцца дні духоўных сустрэч і рэкалекцыі для катэхетаў. Рэлігійная адукацыя прадугледжвае таксама выкарыстанне адпаведнай літаратуры. У гэтай галіне вялікая праца зроблена Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ, а таксама выдавецтвам «Про Хрысто». «Стан рэлігійнай адукацыі ў Праваслаўнай Царкве ў Беларусі» — такою была тэма наступнага даклада, з якім выступіў а. Аляксандр Шымбалёў. Місія як сведчанне — адзін з галоўных абавязкаў Царквы. Найперш, місійная дзейнасць, па словах праваслаўнага святара, здзяйсняецца ў парафіі: разнастайныя сустрэчы і гутаркі, нядзельная школа для дзяцей, парафіяльныя бібліятэкі, праца парафіяльнага апякунства, актыўны ўдзел вернікаў у жыцці парафіі і інш. Айцец Аляксандр прапанаваў паралельна з заняткамі па рэлігіі для дзяцей праводзіць катэхезы для іх бацькоў, каб тыя таксама карысна выкарыстоўвалі гэты час. Як падкрэсліў выступоўца, падымаць узровень рэлігійнай адукацыі неабходна пачынаючы з дзяцей. На дадзеным этапе, па словах а. Аляксандра, вядзецца размова Праваслаўнай Царквы з дзяржавай адносна ўвядзення ў школьную праграму такога прадмета, як асновы хрысціянскай культуры. Пры гэтым святар падкрэсліў, што, на жаль, школа дае толькі веды, а місію выхавання ў нашай краіне здзяйсняе Праваслаўная Царква і Каталіцкі Касцёл. «Перспектывы новай евангелізацыі» — тэма, якую падчас канферэнцыі закрануў Мітрапаліт Кандрусевіч. «У чым заключаецца сутнасць новай евангелізацыі? Ці не ідзе гаворка аб нейкім новым Евангеллі? Не. Новая евангелізацыя з’яўляецца абвяшчэннем таго самага Евангелля, якое існуе з часоў Езуса Хрыста і было дадзена нам праз Яго. Новая евангелізацыя з’яўляецца новай у сваім імкненні ажывіць адказнасць усіх хрысціян за абвяшчэнне Евангелля, каб хрысціянства было больш дынамічным і адкрытым, каб яно стала пошукам новых людзей. Гэтая евангелізацыя з’яўляецца новай таксама ў сэнсе пошуку і прымянення новых метадаў і спосабаў, якімі Евангелле можа дайсці да сучаснага чалавека, якія адпавядаюць яго менталітэту і мове», — падкрэсліў арцыпастыр. Неаднойчы падчас канферэнцыі падкрэслівалася, што евангелізацыя ў абставінах секулярызму патрабуе новых сродкаў і метадаў. У век імклівага развіцця тэхналогій адным з такіх сродкаў з’яўляецца інтэрнэт і іншыя сродкі масавай інфармацыі. Гэтаму пытанню прысвяціў свой даклад кс. Аляксандр Амяльчэня, адказны за СМІ пры Сакратарыяце ККББ. «Абвяшчэнне Евангелля ў эпоху постмадэрнізму становіцца асабліва складаным заняткам, бо людзі ставяцца да хрысціянства толькі як да магчымых базісаў для арганізацыі свайго жыцця. А мы сцвярджаем, што хрысціянства — адзіная правільная платформа для жыцця чалавека ў грамадстве», — адзначыў кс. Аляксандр. — Хрысціянская культура, у тым ліку і медыя-культура, — гэта мы, хрысціяне на працы, у школе або з сябрамі. Адсюль яна пачынаецца. І яе не трэба ствараць „зверху“». «Быць — значыць вучыцца. Быць — значыць „не спаць“. Be or not to be евангелізацыі ў сучасных СМІ» — менавіта так гучала тэма даклада выступоўцы. Немалаважнаю, асабліва для катэхетаў, з’яўляецца тэма «Фармавання вучняў падчас катэхезы». Аб гэтым распавяла прысутным с. Марцэліна Мігач. «На ўроке катэхезы ў маладых людзей павінны фарміравацца такія якасці як сувязь з Богам, фармацыя свядомасці, высакародная любоў да бліжняга, давер іншым людзям», — адзначыла дакладчыца. «Сям’я фарміруе чалавека, адкрываючы яму шлях да пазнання ўсёй паўнаты годнасці, атрыманай у дар ад Пана Бога. Сям’я з’яўляецца найбольш адпаведным месцам для фармавання і перадачы рэлігійных, культурных і этычных каштоўнасцяў», — нагадаў кс. Андрэй Стэцкевіч, які выступіў з дакладам «Евангелізацыя сям'і». Падчас канферэнцыі таксама прагучалі даклады «Псіхалагічныя аспекты адукацыі» (кс. Павел Салабуда) і «Дзейнасць новых рэлігійных рухаў» (кс. Юрый Касабуцкі). |