Перад распачаццем Адвэнту Мітрапаліт Кандрусевіч наведаў парафіі Магілёўскай вобласці | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
30.11.2009 15:20

28 лістапада 2009 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў тры парафіі Магілёўскай вобласці: парафію Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла ў Чавусах, парафію Маці Божай Бялыніцкай і св. Ганны ў Горках і мсціслаўскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У набажэнствах прынялі ўдзел святары Мсціслаўскага дэканату.

Падчас святой Імшы ў Чавусах, якая цэлебравалася ў парафіяльным доме, Мітрапаліт у гаміліі нагадаў аб сэнсе апошняй суботы лістапада, якая  з’яўляецца таксама апошнім днём літургічнага года. На парозе Адвэнту Касцёл, як адзначыў іерарх, звяртае нашу ўвагу на Панну Марыю, на яе пакорнае прыняцце Божай волі. Арцыпастыр заклікаў вернікаў на заканчэнне літургічнага года зрабіць рахунак сумлення і, углядаючыся ў прыклад Маці Божай, годна перажыць Адвэнт.

Пасля святой Імшы Мітрапаліт Кандрусевіч сустрэўся з намеснікам старшыні Чавускага райвыканкама Анатолем Вінкевічам. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся магчымасці больш актыўнага супрацоўніцтва Касцёла і дзяржавы на карысць грамадства, асабліва ў галіне выхавання моладзі і духоўнай асветы. Анатоль Вінкевіч выказаў падзяку Касцёлу за перадачу раённай бібліятэцы духоўнай літаратуры, якая шырока выкарыстоўваецца і некатолікамі. Акрамя гэтага, намеснік старшыні Чавускага райвыканкама павіншаваў Мітрапаліта з 20-годдзем біскупскай сакры.

Літургія, якую арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў у Горках, стала першым набажэнствам у парафіяльным памяшканні. У гаміліі Мітрапаліт распавёў пра значэнне Касцёла, які садзейнічае збаўленню хрысціян. Як падкрэсліў іерарх, Касцёл — гэта наша маці духоўная, якая нараджае чалавека да духоўнага жыцця і падтрымлівае яго. У сувязі з атрыманнем вернікамі памяшкання для набажэнстваў Мітрапаліт заклікаў парафіян шанаваць гэты дом малітвы, дзе іх чакае Збаўца.

У гаміліі падчас святой Імшы, якая адбылася ў мсціслаўскай святыні, арцыпастыр засяродзіў увагу вернікаў на духоўным значэнні Адвэнту як часу падрыхтоўкі да сустрэчы з Панам. Мітрапаліт звярнуўся да прыкладу св. Яна Хрысціцеля, які заклікае падрыхтаваць шлях Збаўцу. Нагадаўшы аб перашкодах на шляху Бога да нашых сэрцаў, якімі з’яўляюцца грахі, іерарх заахвоціў вернікаў належным чынам выкарыстаць час Адвэнту, каб Езус нарадзіўся ў нашых сэрцах і яны сталі своеасаблівым Бэтлеемам ХХІ стагоддзя.

 
© 2003-2024 Catholic.by