Запрашаем наведаць экспазіцыю выдавецтва «Pro Christo» на выстаўцы-кірмашы «Кнігі Беларусі — 2010» | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
11.02.2010 13:57

10 лютага 2010 г. у Нацыянальным выставачным цэнтры «Белэкспа» ў Мінску (вул. Янкі Купалы, 27) адбылося адкрыццё XVII Мінскай Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмаша «Кнігі Беларусі — 2010». Сёлета ў выстаўцы прымаюць удзел 26 краін, а яе ганаровым госцем з’яўляецца Францыя. У чарговы раз ў кірмашы удзельнічае каталіцкае выдавецтва «Pro Christo».

На экспазіцыі «Pro Christo» прадстаўлены кніжныя адзінкі, якімі за мінулы год папоўнілася паліца яго выданняў. Адным з найбольш яркіх стаў альбом «Soli Deo», прысвечаны 10-годдзю Віцебскай дыяцэзіі. У альбоме адлюстравана жыццё Каталіцкага Касцёла ў Віцебскай дыяцэзіі, заснаванай 13 красавіка 1999 года паводле булы Святога Айца Яна Паўла ІІ. Сярод новых выданняў таксама «Парадак намашчэння хворых і пастырскай апекі над імі», «Парадак канфірмацыі» і навуковае выданне «Божае Нараджэнне ў кантэксце беларускай культуры».

У прэзентуемай выдавецтвам духоўнай літаратуры, якая ўтрымлівае інфармацыю аб праўдах каталіцкай веры, традыцыях, жыцці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама жыццёрысы святых і працы Святых Айцоў могуць знайсці для сябе цікавае людзі розных веравызнанняў.

Арганізатарамі XVII Мінскай Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмаша «Кнігі Беларусі — 2010» сталі Міністэрства інфармацыі Беларусі, Беларуская асацыяцыя кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў, ААТ «Белкніга», ПК ТАА «Макбел».

З 11 па 14 лютага ўваход на выстаўку бясплатны. Бокс з выданнямі «Pro Christo» знаходзіцца ў крайнім левым радзе залы.

На выстаўцы таксама шырока прастаўлена прадукцыя выдавецтва Беларускага Экзархату.

 
© 2003-2025 Catholic.by