Адбылася сустрэча супольнасці «Каштоўная пярліна» | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
16.03.2010 18:07

12–14 сакавіка 2010 г. адбылася чарговая сустрэча супольнасці «Каштоўная пярліна» руху «Святло-Жыццё». Сустрэча праходзіла ў в. Сініло (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Серабранкаўскі дэканат), дзе ўжо амаль 16 год штомесяц адбываюцца крокі малітвы, а ўлетку — 15-дзённыя рэкалекцыі.

Сустрэча стала 7-м крокам духоўнага ўзрастання ўдзельнікаў супольнасці і прысвячалася тэме літургіі. Прысутныя разважалі аб важнасці годнага ўдзелу кожнага хрысціяніна ў літургіі, аб значэнні літургіі ў сям’і і Касцёле, аб зменах, якія зведала літургія пасля Другога Ватыканскага Сабору. Таксама ўдзельнікі сустрэчы на практыцы вучыліся ўпрыгожваць літургію добрым чытаннем Божага слова, працэсіяй з дарамі, спевамі, каментарамі і стваралі самастойна малітвы.

Сустрэчу праводзіў кс. Ірэнэуш Копач, які ўжо 18 год з’яўляецца мадэратарам супольнасці «Каштоўная пярліна» ў Беларусі, і с. Юлія, якая на працягу 8 год служыць у супольнасці. Дзякуючы іх катэхезам, сведчанням і ўласнаму прыкладу кожны меў магчымасць наблізіцца да Хрыста і паглыбіць свае веды аб Эўхарыстыі. Усе ўдзельнікі сустрэчы выказваюць шчырую падзяку кс. Ірэнэушу і  с. Юліі.

У суботу 13 сакавіка да ўдзельнікаў сустрэчы завіталі госці. Адбылася ўрачыстая святая Імша, якую канцэлебравалі чатыры святары. Падчас літургіі вернікі дзякавалі Богу за дар святарства, маліліся ў інтэнцыі святароў і аб новых пакліканнях.

Вялікую ролю на працягу сустрэчы адыгрывала малітва. Дзень распачынаўся з асабістай сустрэчы з Хрыстом праз Божае слова, прысутнічала малітва да Духа Святога, малітва падзякі і праслаўлення, «малітоўны шацёр» —  супольная малітва ў інтэнцыях кожнага з прысутных, а таксама за ўвесь Касцёл і адраджэнне нашай радзімы.

Усе жадаючыя таксама запрашаюцца ўзрастаць духоўна і вучыцца новаму жыццю на евангелізацыйных сустрэчах, якія адбываюцца кожны панядзелак у касцёле святых Сымона і Алены пасля святой Імшы а 19-й гадзіне ў дольным касцёле, кожны аўторак пасля святой Імшы а 19-й гадзіне ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі і кожную сераду пасля святой Імшы а 17-й гадзіне у касцёле святых Сымона і Алены ў дольным касцёле.

 
© 2003-2024 Catholic.by