Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у парафіяльнай урачыстасці ў Валожыне | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
22.03.2010 14:01

19 сакавіка 2010 г., ва ўрачыстасць святога Юзафа, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў адпустовую святую Імшу ў валожынскай парафіі. Удзел у літургіі шматлікіх вернікаў сведчыць пра вялікую пашану гэтага святога і вялікую веру ў яго заступніцтва.

У гаміліі арцыпастыр звярнуў увагу на глыбокую і непарушную веру св. Юзафа, на яго справядлівасць у адносінах да Бога і да людзей. «Святы Юзаф — гэта адзіны святы з ліку мільёнаў іншых, якога Езус называў татам, — падкрэсліў іерарх. — Бог праз анёла аб’явіў святому Юзафу таямніцу збаўлення, і ён застаўся верны ёй. Якую веру павінен быў мець святы Юзаф, каб паверыць у таямніцу ўцелаўлення? Якую веру ён павінен быў мець, калі разам з Марыяй яны шукалі месца для нараджэння Збаўцы ў Бэтлееме, калі трэба было ўцякаць у Егіпет і вяртацца адтуль? Якую веру павінен быў мець святы Юзаф, калі бачыў дзіця, якое расло і развівалася, як і кожнае іншае, аднак было Сынам Божым?»

Як адзначыў Мітрапаліт, святы Юзаф, яго вера і прыклад актуальныя і сёння, калі так шмат разбітых сем’яў, калі дзяцей выхоўвае вуліца, калі бацькі не дастаткова або ўвогуле не клапоцяцца аб рэлігійным выхаванні сваіх дачок і сыноў. Па словах арцыпастыра, без рэлігійнага выхавання не магчыма гарманічнае развіццё дзіцяці. Адказнасць жа за гэта перш за ўсё нясуць бацькі, якія павінны ўласным жыццёвым прыкладам, праз малітву і рэлігійныя практыкі стаць галоўнымі выхавацелямі сваіх дзяцей.

Арцыбіскуп заклікаў вернікаў маліцца да Бога праз заступніцтва св. Юзафа, каб сучасныя бацькі памяталі пра свой абавязак — рэлігійнае выхаванне сваіх дзяцей, што з’яўляецца сапраўднай гарантыяй як іх гарманічнага развіцця, так і будавання шчаслівага жыцця на зямлі і дасягнення шчасця вечнага ў будучыні.

 
© 2003-2021 Catholic.by