Новыя святары ў супольнасці кармэлітаў босых | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
22.06.2010 14:32

У парафіяльным касцёле св. Андрэя Апостала ў Нарачы Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч удзяліў 19 чэрвеня 2010 г. святарскія пасвячэнні братам кармэлітам Андрэю ад Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі і Паўлу ад Добрага Пастыра.

У літургічнай цэлебрацыі прымалі ўдзел усе кармэліты, якія нясуць служэнне ў Беларусі, госці з іншых супольнасцей, кіраўніцтва і навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, у якой новапрэзбітэры атрымалі фармацыю, шматлікія святары, а таксама кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі.

Узрушаныя бацкі і родныя кандыдатаў да святарства разам з літургічным сходам дзякавалі Гаспадару жніва за пакліканне юнакоў Андрэя і Паўла і іх адважны адказ на слова Пана «Ідзі за Мною».

Брат Андрэй родам з Астраўца. З дзяцінства ўдзельнічаў ва ўрачыстасцях Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі. Там адкрыў у сабе кармэліцкае пакліканне і па заканчэнні сярэдняй школы ўступіў у ордэн.

Брат Павел паходзіць з Бярозы. Яшчэ падчас навучання ў школе пазнаёміўся з кармэліцкай духоўнасцю дзякуючы сёстрам кармэліткам ад Дзіцятка Езус, якія арганізавалі рэкалекцыі для моладзі. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, стаў на шлях да святасці паводле вучэння святых Яна ад Крыжа і Тэрэзы ад Езуса.

На заканчэнне ўрачыстасці Апостальскі нунцый адзначыў, што дзень пасвячэння — гэта вялікая падзея для кармэлітаў і для ўсяго Касцёла ў Беларусі, бо новапрэзбітэры, пакліканыя Панам як кармэліты, хочуць служыць братам, ахвяраваць ім Божае слова і сакрамэнты збаўлення, устаноўленыя Хрыстом назаўсёды, каб ўзмацняць ласку ва ўсіх, хто будзе прымаць гэтыя сакрамэнты з верай. Як адзначыў іерарх, браты жадаюць быць прыладамі ў руцэ Бога, каб працягваць справу збаўлення дзеля дабра Божага люду, які Бог набыў сабе каштоўнаю Крывёю Хрыста (пар. Дз 20, 28).

На наступны дзень а. Павел цэлебраваў прыміцыйную святую Імшу ў роднай парафіі ў Бярозе. Гэта быў асаблівы падарунак для яго мамы, якая адзначала дзень нараджэння.

Айцец Андрэй прыміцыйную Імшу будзе ахвяраваць Богу ў Астраўцы 27 чэрвеня.

Дзякуючы Богу за новых святароў, будзем маліцца аб іх вернасці і новых пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця!

Аркадзь Куляха OCD

 
© 2003-2024 Catholic.by