Мядзельская Кальварыя працягвае жыць | | Друк | |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
13.07.2010 11:28 |
На Кальварыі ля першага крыжа распачалося традыцыйнае набажэнства Крыжовага шляху з выкарыстаннем духоўнай спадчыны св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Разважанні да асобных стацый зачытвалі вернікі мядзельскай парафіі. У гэтым годзе намаганнямі парафіян на кальварыйскім шляху былі пастаўлены шэсць новых крыжоў замест старых. Гэта сведчанне таго, што vядзельская Кальварыя працягвае жыць пасля доўгага часу заняпаду. Хаця і ў час атэізму вернікі тайком прыходзілі сюды і маліліся на гэтых сцежачках. Так і сёлета людзі рознага ўзросту, ад дзетак да старэйшых, святары, законнікі і законніцы верна крочылі ляснымі і палявымі сцяжынкамі, яднаючыся з мукай Збаўцы, нягледзячы на вялікую колькасць камароў і гразкасць некаторых месцаў. У 20.30 на гары Трох Крыжоў (апошняй стацыі Кальварыі ў Мядзелі) распачалася святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка. У гаміліі пастыр ўзгадаў пра альтруізм Божай Маці, якая прыйшла з дапамогай да Альжбеты, а цяпер і нас ахінае святым шкаплерам — шатай сваёй апекі. Для нас гэта вялікі прыклад, каб спяшацца з дапамогай да бліжніх і адкрывацца на дары Духа Святога, дзеля вернага і мужнага служэння Касцёлу. Падчас Эўхарыстыі група моладзі і дарослых праз паслугу іерарха атрымалі сакрамэнт канфірмацыі. Пасля святой Імшы адбыўся абрад прыняцця ўсіх жадаючых у шкаплернае брацтва. |