Літургію на заканчэнне рэкалекцый супольнасці «Каштоўная пярліна» ўзначаліў біскуп Дзям’янка | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
16.07.2010 22:00
У пятніцу, 16 ліпеня 2010 г., у парафіі Маці Божай Зоркі Евангелізацыі ў Сініло (Мінска-Магілёўская архідыяцэзіі, Серабракаўскі дэканат) адбылося заканчэнне рэкалекцый супольнасці «Каштоўная пярліна» руху «Святло-Жыццё».

Святую Імшу ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль і на заканчэнне рэкалекцый цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка.

«Браты і сёстры ў Езусе Хрысце! Сёння Касцёл асаблівым чынам аддае пашану Маці Божай у Шкаплерным абразе. Ордэн братоў кармэлітаў у свой час быў шырока распаўсюджаны на тэрыторыі многіх краін, а таксама на тэрыторыі сучаснай Беларусі, — адзначыў  біскуп Дзям’янка на пачатку гаміліі. — Дзякуем Богу за тое, што і сёння ён мае сваіх прадстаўнікоў як у мужчынскіх, так і ў жаночых кармэлітанскіх супольнасцях».

Іерарх падкрэсліў важнасць новых падыходаў да евангелізацыі, пра што сведчыць стварэнне Бэнэдыктам XVI Рады па справах распаўсюджвання новай евангелізацыі. А таксама падзякаваў прысутным за іх справу ў абвяшчэнні Добрай Навіны.

«Браты і сёстры ў Езусе Хрысце, няхай руплівасці ў працы па пашырэнню Божага валадарства дадае вам Маці Божая Зорка Евангелізацыі, пашану якой сёння асаблівым чынам узносім, разважаючы аб прысутнасці і апецы ў кармэлітанскай манаскай супольнасці на працягу шматгадовай яе гісторыі», — падкрэсліў біскуп Дзям’янка.

Пасля літургіі адбыўся евангелізацыйны канцэрт.

 
© 2003-2025 Catholic.by