Падарожжа па славутых мясцінах Валожыншчыны | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
03.08.2010 15:05

29 ліпеня 2010 г. па невялікіх мясцінах Мінскай вобласці, па месцах, вядомых як жыхарам Беларусі, так і за мяжой, адбылося незвычайнае падарожжа. Валожынская зямля славіцца знакамітымі людзьмі. На яе плённай глебе нарадзіліся і ўзраслі вялікія вучоныя, славутыя музыканты і проста добрыя людзі. Можа, яшчэ і таму вядомая Валожыншчына, што шчодра была паліта чалавечай крывёю і потам.

Часта па гэтай зямлі пралягаў шлях воінаў, якія хацелі зняволіць беларускі народ. Найбольш шчодра была яна паліта людской крывёю ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калі ў супольных магілах палеглі беларусы і яўрэі, моладзь і дзеці, жанчыны і старэйшы люд.

Менавіта па месцах гэтых пахаванняў і пралягаў шлях групы, у склад якой уваходзілі Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Дзяржавы Ізраіль у Беларусі Эддзі Шапіра, старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын Леанід Левін, галоўны рабін Рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іудаізму Рыгор Абрамовіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, а таксама беларускія святары, прадстаўнікі мясцовых улад і грамадскія дзеячы.

Распачаўся шлях у Валожыне. Напачатку наведалі мэрыю, дзе адбылася канструктыўная размова з мэрам горада і намеснікам старшыні райвыканкама. Завіталі ў касцёл святога Юзафа, наведалі крыпту, дзе знаходзяцца парэшткі прадстаўнікоў роду Тышкевічаў.

Удзельнікі падарожжа разам маліліся каля брацкай магілы ў цэнтры Валожына, дзе пахаваны воіны Савецкай Арміі, якія вызвалялі гэты райцэнтр ад фашысцкай акупацыі.

Каштоўным помнікам для яўрэяў усёй Еўропы з’яўляецца будынак былой школы рабінаў. Гэта найстарэйшы з будынкаў ешываў Усходняй Еўропы. І ёсць такая мара, каб аднавіць дзейнасць ешывы ў Валожыне. Дэлегацыя таксама пабывала на яўрэйскіх могілках-помніку ў Валожыне.

Далейшы шлях прайшоў праз вёску Вішнева. Вельмі багатую гісторыю мае гэта невялікае зараз мястэчка. Тут нарадзіўся і жыў цяперашні Прэзідэнт Ізраіля Шымон Пэрэс, тут захаваўся калодзеж з крынічнай вадой, што стаяў на падворку яго дома, які, на жаль, не захаваўся. Тут, перад вёскай, стаіць помнік жыхарам, закатаваным у гады Другой сусветнай вайны. Перад помнікам сабраліся насельнікі вёскі, якія яшчэ памятаюць, як вялі на згубу тых, хто так хацеў жыць, хто дапамагаў выжыць іншым, тых, хто ведаў, што калі ён укрые яўрэя ці проста падаць яму кубак вады, будзе расстраляны. Аднак людзі, ведаючы гэта, працягвалі ратаваць малых і старых яўрэяў, бо ў Бога няма нічога больш каштоўнага, чым жыццё іншага чалавека. А Ён у нас адзіны. На прыступках помніка ў Вішневе і маліліся ўдзельнікі падарожжа адзінаму Богу: «Анёл Панскі» за душы памерлых і Кадзіш за знішчаных у часы Халакосту.

Пранікнёныя словы ўдзячнасці прагучалі з вуснаў пасла Эддзі Шапіры, які дзякаваў ад свайго імя і ўсяго яўрэйскага народа жыхарам Валожыншчыны і ў прыватнасці вёскі Вішнева за іх чалавечнасць, ахвярнасць, за тое, што, пераадольваючы страх, рызыкуючы часам жыццём родных, дзяцей і блізкіх, яны ратавалі жыццё іншага чалавека.

Хвалюючай была і сустрэча каля крынічкі, з якой піў Шымон Пэрэс. Сярод жыхароў, якія прыйшлі на сустрэчу з гасцямі, быў таксама аднакласнік цяперашняга кіраўніка дзяржавы Ізраіль. Як дзіўна складваецца лёс чалавека. Менавіта ў гэты дзень, 29 ліпеня, у інтэрв’ю беларускаму тэлебачанню ён сказаў, што хоча яшчэ раз пабываць на сваёй радзіме, у Вішневе. Каб яшчэ раз напіцца з матчынай крыніцы…

Ад студні з былога падворку Шымона Пэрэса накіраваліся да крыніцы, якая б’е ля касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Гасцей сустракалі і жыхары суседніх вёсак, парафіяне, моладзь і дзеці, якія прыехалі адпачыць да сваіх бабуль. Сказаць, што сустрэчы былі шчырыя і цёплыя, — не сказаць амаль нічога. Відавочна, што агульначалавечыя каштоўнасці — вера, дабро, міласэрнасць, прабачэнне і любоў — тое, што нас яднае і дапамагае не ўпасці ў бездань граху і здрады.

Напіўшыся вады з крыніцы Маці Божай, рушылі далей. Па дарозе ў Івянец у лесе, — праезжай часткі адразу і не заўважыш — знаходзіцца помнік. На ўказальніку напісана так: «Эта дорога ведёт к братской могиле, где в 1942 году зверски убиты немецко-фашистскими захватчиками 600 еврейских детей и 200 стариков — жителей Ивенца и окрестных деревень». Як мала такіх указальнікаў і як шмат знішчаных жыццяў! Супольнай малітвай была ўшанавана памяць забітых.

У Івянцы групу пілігрымаў сустрэў а. Лех Баханэк OFMConv і правёў яе да касцёла святога Міхала Арханёла, які ў гэтыя дні стаў цэнтрам Малітоўнай сустрэчы моладзі. У гэты час адбывалася рэпетыцыя ўдзельнікаў «Музычнай майстэрні», якая праходзіць у межах малітоўных сустрэч. Да моладзі звярнуліся з прывітальным словам удзельнікі экуменічнай пілігрымкі, пасля чаго ўсе заспявалі песню на хвалу Богу, складзеную польскімі аўтарамі. Разам у малітве і спеве яўрэі і католікі, у касцёле і сінагозе, звяртаюцца да адзінага Бога з падзякай і праслаўленнем.

Завяршыўся шлях па Валожыншчыне ў былой сінагозе. На сённяшні дзень яе будынак, які добра захаваўся, з’яўляецца спартыўнай залай. Будзем жа разам маліцца, каб нашы святыні адраджаліся і служылі людзям і Найвышэйшаму.

Ала Невяровіч

 
© 2003-2024 Catholic.by