Першая Парафіяда Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі адбылася | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
23.08.2010 13:20

З 18 па 21 жніўня 2010 г. у Івянцы адбывалася першая Парафіяда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У духоўна-спартыўна-асветніцкай моладзевай сустрэчы прынялі актыўны ўдзел 8 каманд: з Маладзечна, Ракава, Дзяржынска, Каменя, Налібокаў, Дзераўной, Рочавіч і Івянца. «Тэатр — Святыня — Спорт» сталі ў гэтыя дні асноўнымі момантамі засяроджання ўдзельнікаў.

Раздел «Святыня» ўключаў у сябе ўдзел маладых людзей у ранішніх і вячэрніх малітвах, у святой Імшы, індывідуальную малітву, конкурс біблійных ведаў. Раздзел «Тэатр» патрабаваў ад удзельнікаў мастацкіх здольнасцяў, якія яны праявілі ў тэатральных пастаноўках, конкурсах свецкай і рэлігійнай песень, а таксама ў конкурсе малюнкаў. Свае фізічныя здольнасці маладыя людзі прадэманстравалі ў спаборніцтвах раздзела «Стадыён».

На працягу трох дзён каманды заваёўвалі пераможныя балы ў барацьбе за ўзнагароды. Усе каманды спрабавалі свае сілы ў бегу (100 і 60 метраў), кіданні мяча, у настольным тэнісе, эстафеце, праявілі свае веды па Бібліі, удзельнічалі ў конкурсе малюнкаў, тэатральнай пастаноўцы, конкурсе свецкай і рэлігійнай песні. Вынікі першай парафіяды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі былі падведзены ў суботу 21 жніўня. Першае месца заняла каманда хлопцаў і дзяўчат з Ракава, другімі сталі парафіяне Івянца, а трэцяе месца заняла каманда з парафіі Св. Юзафа з Маладзечна.

Пераможцы першай парафіяды ў Івянцы >>>

Падчас святой Імшы на заканчэнне парафіяды прысутны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што «ў працэсе аднаўлення вельмі важнае месца займае таксама і фізічна-культурнае выхаванне». «Прыказка кажа: у здаровым целе — здаровы дух. Таму важнымі з’яўляюцца пастырскія праграмы комплекснай фармацыі маладога чалавека: духоўнай і фізічна-культурнай, — падкрэсліў арцыпастыр. — Гэтую мэту мае таксама Парафіяда, якая ўпершыню праводзіцца ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Парафіяда — спосаб фарміраваць маладое пакаленне праз спорт, тэатр, мастацтва і малітву».

Таму хочацца верыць, што ў гэтай добрай справы абавязкова будзе працяг.

 
© 2003-2022 Catholic.by