Прыміцыйная святая Імша кс. Валянціна Ляўковіча | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.10.2010 11:17

У нядзелю, 3 кастрычніка 2010 г., вернікі парафіяльнага касцёла Перамянення Пана ў в. Новая Мыш (Баранавіцкі заходні дэканат) прынялі ўдзел у прыміцыйнай святой Імшы кс. Валянціна Ляўковіча, які паходзіць з гэтай парафіі. Новапрэзбітэра ў бацькоўскім доме прывіталі блізкія і родныя, пасля чаго святар у працэсіі ўрачыста накіраваўся да касцёла. На ганку святыні новапрэзбітэра прывітаў мясцовы пробашч кс. Валянцін Новак.

На пачатку літургіі парафіяне павіншавалі кс. Ляўковіча з надзвычайнай падзеяй у яго жыцці. Ксёндз Андрэй Рылка ў гаміліі звярнуў увагу на тое, што маладога святара чакае наперадзе вялікі жыццёвы шлях са сваімі радаснымі момантамі і праблемамі. На заканчэнне Эўхарыстыі кожны мог атрымаць з рук новапрэзбітэра прыміцыйнае благаслаўленне.

Ксёндз Валянцін Ляўковіч з’яўляецца ўжо восьмым па ліку святаром, які паходзіць з новамышскай парафіі, пасля аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Кірыл Бардонаў  

 
© 2003-2024 Catholic.by