Шляхам кармэліцкай духоўнасці | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
07.10.2010 16:26

З 3 па 7 кастрычніка 2010 г. у кляштары кармэлітаў босых у Нарачы адбыліся рэкалекцыі для кармэлітаў, якія працуюць у Беларусі. Спадарожнікам у духоўных практыкаваннях быў а. Рафал Мышкоўскі OCD, прыёр кляштара кармэлітаў босых у Кракаве (Польшча).

На працягу пяці дзён айцы і браты кармэліты набліжаліся да дасканаласці, разважаючы над навучаннем вялікіх містыкаў Касцёла і Кармэля — св. Яна ад Крыжа і св. Тэрэзы ад Езуса. У сваіх разважаннях айцец рэкалекцыяніст падказваў шлях да новага адкрыцця спадчыны св. Тэрэзы Авільскай у перспектыве юбілею 500-годдзя з дня нараджэння святой, які прыпадае на 2015 год.

Гісторыя закону кармэлітаў звязана з гарой Кармэль у Святой Зямлі, на якой у ІХ ст. да нараджэння Хрыста жыў і дзейнічаў прарок Ілля. Ягоныя словы «Я палаю руплівасцю дзеля Пана, Бога Магуццяў» (1 Вал 19, 10) сталі дэвізам закону і ўвайшлі ў яго герб. У Іллі кармэліты вучацца быць людзьмі кантэмпляцыйнай малітвы, непадзельнага сэрца, быць цалкам адданымі служэнню Богу.

У пэўны перыяд разнастайная душпастырская праца закону прывяла да аслаблення малітоўнага жыцця і менш строгіх правіл. Гэта стала непасрэднай прычынай рэфарматарскіх дзеянняў святых Тэрэзы ад Езуса і Яна ад Крыжа — вялікіх іспанскіх святых, якія ў другой палове XVI ст. аднавілі жаночую і мужчынскую галіны закону.

Фундаментам, на які абапіраецца статут закону, з’яўляецца абяцанне: «Жыць у паслушэнстве Езусу Хрысту і верна Яму служыць чыстым сэрцам і шчырым сумленнем». Кармэліты наследуюць Езуса Хрыста, рэалізуючы ў жыцці тры асноўныя элементы свайго паклікання: кантэмпляцыю, братэрства і служэнне сярод людзей. Чэрпаючы сілы для апостальскай дзейнасці з малітоўнага трывання перад Богам у братэрскай супольнасці, яны стараюцца сведчыць сярод людзей пра вартасць малітвы і паяднання з Богам. Браты штодзённа збіраюцца разам на цэлебрацыю Эўхарыстыі, Літургію Гадзінаў і медытацыю. У лучнасці са святымі (сярод якіх найбольш вядомыя св. Тэрэза ад Езуса, св. Ян ад Крыжа, св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус і сын беларускай зямлі св. Рафал Каліноўскі) законнікі-кармэліты, як святары так і браты, служаць у Касцёле, займаючыся апостальскай і душпастырскай дзейнасцю, праводзячы рэкалекцыі, дні духоўных сустрэч, арганізуючы школы малітвы, ведучы выдавецкую дзейнасць, асабліва ў сферы духоўнасці і інш. Характэрнай рысай Кармэля з’яўляецца марыйная духоўнасць, асабліва шкаплернае набажэнства. Углядаючыся ў Марыю і ствараючы з Ёю пэўную братэрскую супольнасць, законнікі вучацца жыць у прысутнасці Бога. У Марыі кармэліты знаходзяць дасканалы ўзор таго, чым прагнуць стаць.

На сённяшні дзень у Беларусі  кармэліты босыя служаць у Гудагаі, Мінску, Нарачы, Мядзелі, Канстанцінаве і ў Пінску (фармацыйная супольнасць).

Юнакоў, якія зацікаўленыя кармеліцкай духоўнасцю запрашаем на сустрэчы і рэкалекцыі.

Падрабязная інфармацыя па тэлефоне:
Тэл./факс: +375 1797 4 65 20

Адрас:
Мядзельскі р-н
Мiнская вобл.
Рэспубліка Беларусь
222386 в. Нарач

А. Сяргей Трысцень OCD

 
© 2003-2024 Catholic.by