Калядная сустрэча Мітрапаліта Кандрусевіча з медперсаналам і хворымі | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.12.2010 20:16

27 снежня 2010 г. ужо не першы раз віталі Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча супрацоўнікі Мінскага абласнога клінічнага шпіталю, што ў п. Лясны. Арцыпастыр, па закладзенай ім традыцыі, наведаў медперсанал і хворых медычнай установы менавіта ў калядны час, каб падзяліцца надзеяй, радасцю і супакоем, крыніцай якіх з’яўляецца Бог.

Удзельнікі сустрэчы, пад калядныя спевы музычнага гурта бараўлянскай парафіі «Божая вясёлка», склалі адно аднаму віншаванні і падзяліліся аплаткай. Мітрапаліт наведаў таксама цяжка хворых і ўдзяліў ім сваё благаслаўленне.

Суправаджалі іерарха кс. Казімір Шыдэлка SDB, пробашч бараўлянскай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў, і кс. Ян Крэміс.

На заканчэнне сустрэчы быў зроблены супольны фотаздымак.

 
© 2003-2024 Catholic.by