Рэкалекцыі ў Лебедзеве: падрыхтоўка да спажывання духоўнай ежы | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
24.01.2011 14:54

21–23 студзеня 2011 г. у в. Лебедзева Маладзечанскага раёна адбыліся рэкалекцыі для вернікаў мінскай парафіі святога Францішка. Духоўную сустрэчу на тэму «Эўхарыстыя — магчымасць сустрэцца з Богам і быць супольнасцю» праводзіў а. Андрэй Букштан OFMCap, пробашч парафіі Святога апостала Андрэя ў Слоніме.


Свае канферэнцыі святар пабудаваў з дзвюх частак: першая датычыла структуры святой Імшы і адпаведнага ўдзелу вернікаў у літургіі, у другой — рабіўся акцэнт на супольным духоўным пасілку вернікаў. Цэнтральнымі пунктамі рэкалекцый сталі адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і святая Імша, якую цэлебраваў адміністратар мінскай парафіі Св. Францішка а. Алег Шэнда OFMCap.

Можна было б спытаць: а ці тыя, хто паехаў на рэкалекцыі ніколі раней не адаравалі Найсвяцейшы Сакрамэнт і не ўдзельнічалі ў святой Імшы? Калі не, дык навошта трэба было ехаць у Лебедзева?

На адной з канферэнцый а. Андрэй Букштан выкарыстаў шырока вядомую аналогію святой Камуніі як духоўнага пасілку, і алтара як стала для духоўнай ежы. Таму можна адказаць, што нават да матэрыяльнага (фізічнага) пасілку можна адносіцца па-рознаму: можна з’есці штосьці на ляту, а можна супольна паабедаць са сваёй сям’ёй, але ж ва ўсякім выпадку пажадана хаця б памыць рукі перад ежай. Духоўныя практыванні падчас рэкалекцый у Лебедзеве, дзякуючы працы а. Андрэя Букштана OFMCap, натхнялі часам і на непрыемныя пытанні, сярод якіх таксама стаўленне да святой Камуніі як да духоўнага фаст-фуду ці спажыванне духоўнай ежы ў неадпаведным стане. Канферэнцыі падкрэслівалі думку, што не трэба шкадаваць час на падрыхтоўку да духоўнай ежы, і адначасова, хочацца спадзявацца, сталі такой падрыхтоўкай.
 
Дзмітрый Галіноўскі
 
 
© 2003-2024 Catholic.by