Сустрэча кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылася ў Барысаве | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.02.2011 13:40
1 лютага 2011 г. барысаўская парафія Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі вітала Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды святкавання Дня кансэкраванага жыцця. Каля 60 прадстаўнікоў розных манаскіх супольнасцяў архідыяцэзіі прыбылі ў гэты дзень у Барысаў, каб падзякаваць Богу за каштоўны дар — кансэкраванае жыццё, якое Дух Святы на працягу ўсіх часоў і стагоддзяў сваёю моцаю падтрымлівае ў Касцёле.

Разам усе асобы, якія калісьці прысвяцілі сваё жыццё Богу, склаўшы законныя шлюбы, аднавілі сваю пастанову наследаваць у жыцці Хрыста ўбогага, чыстага і пакорнага. Тэкст аднаўлення манаскіх абяцанняў быў такі ж самы, які выкарыстоўваецца ў гэтае свята пры сустрэчы законных асобаў з Папам Бэнэдыктам XVI у базыліцы святога Пятра ў Рыме. Такім чынам святары і сёстры маглі больш поўна адчуць еднасць свайго служэння з братамі і сёстрамі, якія па ўсім свеце ў вялікай каталіцкай сям’і імкнуцца быць сведкамі свайго Настаўніка, якому зноў кажуць: жадаю ісці за Табою.

Арцыпастыр Тадэвуш Кандрусевіч узгадаў галоўныя сімвалы гэтага свята — святло і ахвяру, на якіх грунтуецца сведчанне, вернасць і жыццё кожнай асобы, якая прысвяціла сябе Пану, і кожнага добрага хрысціяніна.

Святая Імша адбылася ў прысутнасці шматлікіх вернікаў, якія нягледзячы на працоўны час дня, сабраліся ў барысаўскай святыні. Прыбылі ў Барысаў таксама вернікі з суседніх мясцовасцяў, каб маліцца разам і павіншаваць са святам сваіх духоўных айцоў і сясцёр.

Пасля святой Імшы Архімандрыт Сяргей Гаек правёў канферэнцыю для кансэкраваных асобаў. Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі нагадаў добра вядомыя прынцыпы манаскага жыцця, заснаваныя на радыкальным наследаванні Хрыста, на ўпарадкаванні сваіх адносінаў да свету і бліжніх.

Безумоўна, вельмі важнай традыцыяй законнага жыцця праз вякі з’яўляўся супольны стол і не толькі як месца спажывання ежы, але як знак еднасці, братняй любові са спрадвечным хрысціянскім сімвалам пераломленага хлеба. Так скончылася і сустрэча ў Барысаве: пры сардэчнай размове, у радасці супольнага прабывання братоў і сясцёр, якіх хоць і ў розных сем’ях, злучыла адна любоў да Пана, якому яны калісьці абяцалі вернасць да апошніх сваіх дзён.

    А. Вячаслаў Пялінак МІС

 
© 2003-2021 Catholic.by