Мітрапаліт Кандрусевіч: св. Юзаф меў нязломную веру і жыў паводле Божага закону | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
21.03.2011 14:18

19 сакавіка 2011 г., ва ўрачыстасць св. Юзафа, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў парафіі Святога Юзафа ў Гарадзеі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Нясвіжскі дэканат). Падчас літургіі іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 28 вернікам з гарадзейскай і сноўскай парафій.

У гаміліі Мітрапаліт прадставіў постаць св. Юзафа як чалавека, які да канца даверыўся Богу. Бог размаўляў з ім у сне праз свайго анёла, які пасвяціў св. Юзафа ў таямніцу Богаўцелаўлення і збаўлення. Юзаф не пабаяўся ўзяць у свой дом цяжарную Марыю. Потым у Бэтлееме ён рупліва шукаў месца, дзе мог бы нарадзіцца Збаўца. Пасля, ізноў па наказе анёла, разам з Немаўляткам Езусам і Марыяй пайшоў у Егіпет, каб уратаваць Езуса ад забойчай рукі Ірада. З Егіпта Юзаф вярнуўся таксама пасля таго, як аб гэтай магчымасці яму абвясціў анёл. Будучы цесляром, ён утрымліваў Святую Сям’ю працай сваіх рук.

Як адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч, Святое Пісанне, акрамя гэтых звестак пра паслухмянасць св. Юзафа Божай волі, падае толькі два словы: «vir iustus» — «чалавек справядлівы». Справядлівы, па словах Мітрапаліта, азначае не толькі справядлівы адносна іншых людзей, але найперш справядлівы перад Богам, ці той, які жыве паводле Божага закону.

Таму, успамінаючы св. Юзафа, арцыпастыр заклікаў памятаць пра два ягоныя прыклады — а менавіта пра яго нязломную веру і імкненне жыць паводле Божага закону. «Калі паглядзім на сучаснага чалавека, то ўбачым, што менавіта з гэтымі справамі ён мае найбольш праблем, — працягваў Мітрапаліт. — Мы кажам, што з’яўляемся веруючымі, але на самой справе наша вера вельмі плыткая. Часта мы падобныя да галінкі дрэва, якая калыхаецца ў той бок, куды дзьме вецер. У касцёле мы молімся, прымаем удзел у святой Імшы, выказваем сваю веру, але за яго парогам нярэдка жывём, як язычнікі. Свет нас захапляе, і мы забываемся пра маральныя абавязкі, якія вынікаюць з веры. У жыццёвых цяжкасцях мы шукаем дапамогі ў іншых, нярэдка звяртаемся нават да знахараў, займаемся акультызмам і ў той жа час забываемся, што трэба звярнуцца да Бога».

Таксама Мітрапаліт Кандрусевіч распавёў вернікам павучальную гісторыю. Адзін малы хлопчык безвынікова спрабаваў закаціць вялікі камень на гару. Яму гэта не ўдавалася, і тады яго тата спытаў: «А чаму ты не папрасіў мяне дапамагчы табе?». Мы, зрабіў выснову іерарх, таксама павінны ў цяжкасцях найперш звяртацца да Бога, а не толькі разлічваць на свае сілы.

«Свет перажывае шмат праблем і крызісаў, — адзначыў далей арцыбіскуп у сваёй гаміліі. — Усе мы занепакоены сітуацыяй, якая склалася пасля землятрусу і цунамі на японскіх атамных электрастанцыях. Ніхто не хоча новага Чарнобылю. Але можа быць яшчэ і духоўны Чарнобыль. Мы яго перажылі падчас пераследу веры. Аднак у наш час свабоды веравызнання тэндэнцыі секулярызму настолькі моцныя і небяспечныя, што чалавек сам сабе стварае новы духоўны Чарнобыль».

«Каб быць сапраўды веруючымі і захоўваць Божы закон, трэба мець адпаведныя духоўныя сілы, — падкрэсліў арцыпастыр. — Іх мы атрымліваем у Касцёле, у Божым слове і сакрамэнтах. Сакрамэнт канфірмацыі ўзмацняе нас, каб у мітусні сучаснага свету і яго духоўнай цемры мы не згубіліся, каб заўсёды жылі нашай верай і захоўвалі Божы закон, як гарантыю збаўлення».

 
© 2003-2022 Catholic.by