Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў сувязі з тэрактам у мінскім метро | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
12.04.2011 09:07

Выбух, які адбыўся ў выніку тэрарыстычнага акту ў мінскім метрапалітэне 11 красавіка 2011 г. і ў якім загінулі і пацярпелі невінаватыя людзі, глыбокім болем адазваўся ў сэрцах як грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, так і сусветнай супольнасці. З хрысціянскага і агульначалавечага пункту гледжання, кожны, у тым ліку і гэты тэрарыстычны акт, які я глыбока асуджаю, недапушчальны і ні якім чынам не можа быць апраўданы. Насілле не вырашае праблем і не прыносіць шчасця.

У гэты час Вялікага посту, калі хрысціяне ўсяго свету разважаюць над цярпеннямі і крыжовай смерцю Хрыста, мінская падземка стала новай Галгофай, дзе нявінныя ахвяры з’ядналіся з ахвярай Хрыста. Калі, як маланка з неба, на нас звалілася, выкліканая бесчалавечным актам тэрарызму, бяда, і калі здаецца, што зямля правалілася пад нагамі, нашай надзеяй застаецца міласэрны Бог.

Знаходзячыся за мяжой, ад усяго сэрца выказваю свае спачуванні сем’ям загінуўшых, параненым і ўсім пацярпелым, раздзяляю іх боль і малюся за ахвяраў гэтай крывавай падзеі.

Божа, будзь міласэрны да нявінна загінуўшых, даруй ім правіны іхнія і прымі ў сваё вечнае Валадарства. Стань суцяшэннем і адрадзі надзею ў перажываючых страту сем’ях і блізкіх. Адары ласкай здароўя параненых. Сцеражы нас ад падобных злачынстваў і дапамажы, каб у нашым грамадстве і ва ўсім свеце панавала ўзаемная любоў, бо толькі яна мае будучыню і толькі яна творчая.

Давяраючы нашу Айчыну Божай міласэрнасці і перажываючы з усім беларускім грамадствам гэту трагедыю, заклікаю да малітвы ў інтэнцыях яе ахвяр і да дапамогі пацярпелым.  

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

 
© 2003-2024 Catholic.by